Беларуская глыбіня. Час цішыні

26.11.2012, 11:04  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Жыццё і смерць
прапанаваў я табе,
Дабраславенне і пракляцце.
Выберы жыццё,
каб жыў ты і нашчадкі твае.
Другі Закон 30:19

 

У дымным ад цыгарэтных выдыхаў умывальніку каменды, пакуль спаласкваў рукі, давялося выслухаць прызнанне аднаго мацёрага «хіміка». Ягоная жонка зацяжарала — не ад яго. Доўга біў. Прымусіў зрабіць аборт — тут жа, у хаце. Вымыў тое, што вырвалі з ейнай маткі, парэзаў, пасмажыў на патэльні і загадаў з’есці. Кажа, давілася слязьмі, але ела, сука.

 

У Беларусі штогод больш за 30 тысячаў жывых дзетак забіваюць у матчынай нутробе.

 

У Беларусі за 20 гадоў ад 1990 да 2010 толькі паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя было вынішчана 2,7 мільёна зачатых немаўлятаў.

 

У Беларусі дзве траціны сем’яў абмяжоўваюцца толькі адным дзіцём.

 

У Беларусі, паводле дадзеных 2012, на 1000 шлюбаў рэгіструецца 509 разводаў… Для тых, хто не дапяў з першага разу: палова сем’яў развальваюцца.

 

Тэма абортаў успорвае Беларусь настолькі ж востра, наколькі скальпель — безабароннае жыццё.

 

Аборт — гэта забойства. Забойства жывога, непаўторнага, бязвіннага чалавека.

 

Знішчэнне вобразу і падабенства Божага.

 

Тут нават няма чаго абмяркоўваць — гэта трэба разумець.

 

І той, хто прымушае, і той, хто вырашае, і той, хто праводзіць аперацыю, — гэта за…

 

Паслухайце.

 

Ці ўяўляем мы, што ў маленькай істоты, зачатай у жаночым улонні, ужо праз тры тыдні жыцця б’ецца кропелька — сэрца? Ці ведаем мы, што яму цёпла, калі матуля есць або гладзіць яго; халодна, калі яна на скразняку; блага, калі мама хвалюецца — і невыносна балюча, калі яго, голенькага, безабароннага, рэжуць і рвуць на кавалкі?

 

Проста ўяві: твая матуля хоча цябе забіць…

 

У гэтыя дні абмяркоўваецца новы «Закон аб сям’і». Беларускія хрысціянскія дэмакраты настойваюць на ўвядзенні «часу цішыні» — абавязковых гадзінаў для цяжарнай, каб падумаць і адмовіцца ад аборту.

 

Час цішыні — хвіліна маўчання па тых, хто так і не нарадзіўся. Час цішыні — гадзіна роздуму для тых, хто яшчэ не забіў.

 

Цішыня… Вы чуеце, як роспачна б’ецца гэтае сэрцайка?

 

А чуеце, як нема крычыць дзіця, у якога, жывога, павольна і метадычна адразаюць ножкі, ручкі па плечыкі… рассякаюць шыйку?..

 

Няшчасныя беларусы… Ніякая Расея, ніякі камунізм не здолее так нішчыць беларускую будучыню, як робяць гэта абыякавыя, з выразам каменнага цярпення на твары, тутэйшыя.

 

Мы.

 

Царква і касцёл патрабуюць разам: спыніце забойства ненароджаных дзяцей! З таго моманту, як жыццё зачатае, ягонае знішчэнне прынцыпова не адрозніваецца ад крывавага крыміналу або генацыду канцлагераў.

 

«Толькі б не было вайны» — паўтараюць беларусы, гатовыя апраўдаць усё клопатам пра ўласных дзяцей. Але ціхая і злюцелая вайна з сонямі тысячаў загінулых невінаватых мірных жыхароў кіпіць ва ўлоннях беларусак поўнай хадой. У гэтым стагадовым генацыдзе ёсць свае каты, свае халаднакроўныя маньякі, свае безгалосыя ахвяры, свае запырсканыя крывёю месцы бойняў… і толькі абаронцаў жыцця зусім вобмаль.

 

І Беларусь не ведае сап-раўдных герояў гэтай вайны пад сэрцам — ані тых матуляў, якія рашыліся нараджаць са смяротнай рызыкай, ані тых, што памерлі, але далі жыццё дзіцяці, ані простых рыцараў з «Легіёна Марыі»Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, што б’юцца і моляцца за кожнага ненароджанага, ані віцебскіх праваслаўных братчыкаў, што ходзяць па інтэрнатах медінстытута ды скрозь цыгарэтны дым у твар пераконваюць будучых гінеколагаў, ані евангельскіх вернікаў з Pro-life, руху за жыццё, што ўмольна гля-дзяць у вочы маладым у падземных пераходах і ў якіх у руках трапечуць тоненькія паперкі — мімаходзь, не бяруць, не бяруць…

 

Мы робім выгляд, што нічога такога не адбывацца.

 

Мы не чуем, як плачуць анёлы.

 

А пакутлівы выбар у тым, што простая забарона спаронаў і нават крымінальны пераслед за падпольны аборт справы не вырашае — толькі заганяе ўглыб. І робіць разню таемнай і яшчэ больш крывавай.

 

Цэнтр цяжару — гэта стан грамадства. Калі аборт — гэта нармальна, калі няма ўсведамлення факта злачынства, калі і для мужчынаў, і для жанчынаў гэта накшталт «схадзіць, вырваць балючы зуб» — ціхае вынішчэнне нацыі будзе працягвацца.

 

Таму трэба рабіць крокі. Час цішыні. Забарона рэкламы. Скарачэнне тэрмінаў…

 

Ціха.

 

Так і хочацца ім шаптаць, казаць, крычаць: ну паглядзіце вы на вяселле Глеба Лабадзенкі з Танечкай Шапуцькай у вышыванках ды шляхецкіх строях у Нясвіжы, на іхняга ласкавага малога!.. На светлыя абліччы Мікалая Дземідзенкі і Алесі Раманюк пад залатымі каронамі на вянчанні ў Мёрскім касцёле… На сайт dzietki.org, поўны шчасця па-беларуску! На сям’ю баптыста Сержука Ліцвінкі ў Заслаўі, што, апрача сваіх, бярэ яшчэ і прыёмных дзетак — поўны дом… На маленькага Адама Бокуна, які моліцца «Ойча наш» і ў кожным радку дадае: «… у Беларусі…»

 

А пакуль мы чытаем, жуём, блукаем у сеціве — з кожнай гадзінай нас, беларусаў, робіцца ўсё менш і менш.

 

І беларускае атупенне, беларуская безвыходнасць і беларускі адчай будуць толькі нарастаць, пакуль мы не жахнёмся пекла пад нагамі: забіваючы пад сэрцам новае жыццё, мы забіваем у сабе Бога. 

Навіны па тэме

Фото юзера Sonca
Sonca 26.11.2012
Згодна з каментарамі на НН, асноўнае ўражанне - страшна.
Ня ведаю, ці трэба было пачынаць артыкул з засмажанай чалавечыны.
Фото юзера Мiхась Злоцкi
Проста жахлiва! Як можна забiваць, тым болей тое, што нават не мае сiлау табе супрацьстаяць? Цi могуць называцца тыя урачамi, што адбiраюць жыццё? Хто увогуле устанавiу гэты узроставы цэнз на забойства, хай сабе яшчэ не паунавартаснага, але ужо Чалавека? Чаму 3 месяцы, а не 3 гады? Цi, напрыклад 50 год. А можа я каусьцi перашкаджаю? Можа мяне трэба у шпiталь завезьцi, ды зарэзаць? Закон не дазваляе? Ну дык прымiце папраукi.................