Высяляюць царкву «Новае жыццё»

27.11.2012, 15:50  |  Навіны » Палітыка

У менскай пратэстанцкай супольнасці «Новае жыццё» чарговы раз забіраюць будынак.

Пра гэта «Белсату» паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін. «Сёння мы атрымалі позву, падпісаную судовым выканаўцам Шчарбовічам. Найвышэйшы гаспадарчы суд плануе правесці прымусовае высяленне 5 снежня аб 11 гадзіне», – паінфармаваў ён.

Паводле юрыста, падставаю для высялення стала тое, што зямля быццам бы выкарыстоўваецца неадпаведна з мэтавым прызначэннем.

Цяпер кіраўніцтва супольнасці вырашае, як будзе дзеяць далей. «Мы да гэтага ставімся вельмі сур’ёзна. Найбліжэйшым часам збярэцца рада царквы і будзем вырашаць, што рабіць. Але адно можна сказаць дакладна: пакідаць будынак мы не збіраемся», – запэўніў Сяргей Луканін.

Нагадаем, царква «Новае жыццё» змагаецца за ўласнае памяшканне з 2005 года. Тады ўлады Беларусі заявілі, што царква не можа выкарыстоўваць зямельнага надзелу для культавых мэтаў. Вернікі прайшлі больш за 30 судовых працэсаў, і ў 2009 годзе Найвышэйшы гаспадарчы суд вынес канчатковую пастанову: царква мусіць вызваліць будынак. Датуль «Новаму жыццю» ўдавалася адстойваць памяшканне дзякуючы пастам-галадоўкам ды шырокаму розгаласу справы сярод беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці.

Крыніца: Белсат

Навіны па тэме