Запрашаем на канферэнцыю, прысвечаную 70-годдзю расстрэла айца Вінцэнта Гадлеўскага

20.12.2012, 15:35  |  Галоўныя навіны, БХД, Культура

У суботу 22 снежня адбудзецца канферэнцыя "Айцец Вінцэнт Гадлеўскі і лідэры беларускага хрысціянскага адраджэння 1-й пал. XX ст.", прысвечаная 70-годдзю з дня ахвярнай смерці ад рук нацысцкіх карнікаў у лагеры смерці Трасцянец пад Менскам беларускага нацыянальнага лідэра, ідэолага беларускага адраджэння, заснавальніка Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Канферэнцыя распачнецца ў 12-00 па адрасе вул. Чарнышэўскага, 3.

 

У канферэнцыі возьмуць удзел вядомыя гісторыкі Леанід Лыч, Анатоль Тарас, Уладзімір Ляхоўскі, Анатоль Валахановіч, Алесь Пашкевіч, краязнаўцы і даследчыкі з рэгіёнаў Сяргей Чыгрын са Слоніма, Алег Мізула з Жодзішак і Сяргей Лескець з Маладэчна, ды іншыя грамадскія і культруніцкія дзеячы. Вядоўца - публіцыст, даследчык, палітолаг Анатоль Астапенка.

 

Канферэнцыя будзе выніковым мерапрыемствам года Памяці айцоў Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча, які абвесціла БХД з нагоды 70 год з дня пакутніцкай смерці айца Вінцэнта Гадлеўскага, а таксама да 120-годдзя нараджэння іншага выбітнага грамадскага, палітычнага і рэлігійнага дзеяча, гісторыка, пісьменніка,  выдаўца, пакутніка ГУЛАГу ксяндза Адама Станкевіча. Быў створаны аргкамітэт ушанавання іх памяці з прыцягненнем шырокай беларускай грамадскасці і прадстаўнікоў Каталіцкага касцёлу. Цягам усяго году ў Менску і іншых мясцінах Беларусі, а таксама ў Вільні і Варшаве праводзіліся шматлікія мемарыяльныя мерапрыемствы.

 

У межах дзейнасці аргкамітэту па ўшанаванні памяці нашых выбітных папярэднікаў адкрыты рахунак для збору сродкаў на ўсталяванне памятнага камяню Вінцэнту Гадлеўскаму ў Трасцянцы, а таксама памятнай шыльды на Чырвоным касьцёле ў Менску. Аргкамітэт БХД заклікае ўсіх неабыякавых ахвяраваць сродкі на ўсталяванне мемарыялу беларускаму нацыянальнаму лідэру: ф-л 514 ААТ "ААБ Беларусбанк", УНП 100420097, код банка 614, р/р 3819382102369. Абавякова пазначаць у назначэнні: ахвяраванне на дабрачынны рахунак №.000001

 

Таксама праводзіўся збор подпісаў па перайменаванні назваў савецкіх вуліц у гонар выбітных святароў у розных гарадах Беларусі. Да таго ж былі надрукаваныя календары і плакаты ў памяць пра Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча, запушчаны сайт, прысвечаны ўшанаванню памяці святароў - http://data.zmk-by.org/.


Нагадаем, айцец Вінцэнт Гадлеўскі, адзін з найбуйнейшых беларускіх нацыянальных дзеячаў Заходняй Беларусі, ідэолаг адраджэння беларускай нацыі, публіцыст, выдавец, перакладчык на беларускую мову "Новага Запавету" нарадзіўся 16 лістапада 1888 года ў вёсцы Шурычы на Гарадзеншчыне, скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію.

 

Дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра рады БНР, адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларукай Хрысціянскай Дэмакратыі, нейкі час рэдагаваў газету «Крыніца». Жыў і служыў у Нясвіжы, Жодзішках, Вільні. У 1927 годзе быў асуджаны польскімі ўладамі на два гады зняволення за палітычную дзейнасць.

 

З 1929 года жыў у Вільні, у 1930-м пераклаў на беларускую мову Новы Запавет, выдадзены ў Вільні ў 1939-м. Быў аўтарам падручніка «Гісторыя святая, або Біблейная Новага Закону» (1932). Выступіў з ініцыятывай стварэння Беларускага Нацыянальнага Фронту. Выдаваў газету «Беларускі Фронт».

 

З пачаткам другой сусветнай вайны заснаваў падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю, якая стаяла на пазіцыях незалежнасці Беларусі як Нямеччыны, так і ад СССР. Жыў у Коўне, затым у Варшаве.

 

З верасня 1941 у Менску, быў прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі, сябрам Беларускай народнай самапомачы. Служыў у Чырвоным касцёле ў Менску.

 

Нямецкія ўлады арыштавалі Вінцэнта Гадлеўскага ўвечары 24 снежня 1942 года перад святочнай Імшой ў Чырвоным касцёле і неўзабаве расстралялі ў Трасцянцы пад Менскам.

 


 

Навіны па тэме