Беларуская глыбіня. Катакомбы Купліна

27.12.2012, 14:45  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Схаваліся ў пячоры і ў цясніны гор,
І кажуць гарам і камяням:
упадзеце на нас і схавайце нас
ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне,
і ад гневу Гасподняга
Адкрыццё 6:15-16

 

Куплін — адна з нямногіх назваў, якія ўзніклі на мапе Беларусі дзякуючы незалежнасці.

 

У СССР Купліна не было, а тым, хто цікавіўся, куды ж правалілася родавае гняздо самага плоднага пісьменніка ў свеце Юзафа Крашэўскага, раілі прыкусіць язык, у іншым выпадку адправяць туды, дзе «ўсякія крашэўскія» заканчвалі.

 

Нават цяпер усюдыісны джыпіэс толькі робіць выгляд, што Куплін ведае: прыемны жаночы голас кідае аўто вандроўнікаў то на грунтоўкі, то на затравелыя прасёлкі, то ў ямы бруду. А хто ўсё-такі заехаў у зарослыя, вышчарбленыя руіны — і не здагадваецца, што апынуўся не ў забытай беларускай вёсцы, а на вяршыні цэлага падземнага горада.

 

Пасля Карыбскага крызісу менавіта тут, у беларускай глыбіні, вакол колішняга аэрадрома, разбомбленага немцамі ў першы ж дзень вайны, імперыя рыхтавалася нанесці ўдар па ўсім астатнім свеце.

 

Звышсакрэтны пункт сувязі Варшаўскай дамовы, ракеты, палі антэнаў, бэтээры, верталёты, самалёты — усю сваю магутнасць Савецкі Саюз сціскаў у бранявана-ядзерны кулак у глухой прорве за Белавежскай Пушчай — хай толькі прыдзе час!..

 

І час прыйшоў.

 

Тут, у гэтым месцы, палеская раўніна з пералескамі раптам сутаргава здрыгаецца. Горы бункераў. Лагчыны. Скалы жалезабетону.

 

Менавіта ў Купліне прарываўся з-пад зямлі, ярасна роў, грыз і ўздыбліваў узгор’і агромністы звер з таго свету.

 

Курганы, растрэсканыя ад удараў знізу, зеўраюць жэрламі, зуб’ем раскрышанага бетону і вострай арматуры. Мёртвай сырасцю і тленнем тхне з гэтых гіганцкіх нораў.

 

На кіламетры вакол — паўзасыпаныя акопы, каналы, зарослыя мохам ды ўзламаныя выбухамі кустоўя асфальтавыя плацы, кінутыя, пачарнелыя генеральскія альтанкі… Толькі дагэтуль па восені сыплюцца, то адзіночнымі, то з парывам ветру, чаргою, грукаюць у зямлю, спраўджваюць закон сусветнага прыцягнення яблыкі з дрэваў, зарослых падлескам.

 

Падсвечваеш ліхтарыкам, мабільнікам, забіраешся ў засыпаныя выбухамі эмчээснікаў, а потым адкапаныя прагным беларускім народам пячоры — і заміраеш ад страхавітага захаплення. Вялізныя залы з рабрыстымі паўкруглымі скляпеннямі па 8—10 метраў вышынёй, са сценамі трупнага адцення, з бетоннымі траншэямі да пояса (як сведчаць мясцовыя, былі запоўненыя браняванымі кабелямі, з жыламі ў руку, медзь, тры даляры кіло)… Ёмішчы, дзе стаялі гіганцкія рухавікі, пліты, лядоўні… Падземныя галерэі на сотні метраў… Усё выбрана, выламана, вышчарблена — і нема…

 

Калі вялікая армада адпаўзала адсюль назад, у нетры імперыі, у вайсковым гарадку пакінулі толькі вартаўніка.

 

І вось тут беларускі народ адарваўся напоўніцу за акупацыю, русіфікацыю, страх і прыніжэнне. Партызанскія групы пружанцаў з усяго наваколля перабежкамі атачылі калісьці недаступную крэпасць, сціскаючы ў руках «фугасы» чарніла… Хвіліна — і вартавы ціха-ціха абяцае нічога не бачыць.

 

І вывозілі, выносілі, цягнулі пушчанскія мсціўцы — лядоўні са сталоўкі і стэлажы з бібліятэкі, сталы з бункера і свяцільні з бамбасховішча, дываны з кабінетаў і засаўкі з прыбіральняў… Прытарабаньвалі акумулятары, каб свяціць пад зямлёй цэлы дзень, санкі для цэглы, вёдры для балтоў і гаек… Рэзалі, пілавалі, выдзіралі з мясам, нішчылі — а, халера на вас, таварышы камуністы, як дратавалі вы нашу зямлю, нашу вёску, наш лес — да голага каменя.

 

Трохпавярховую казарму, што стаяла за сённяшняй камендай і на тарцы якой мясцовыя ўмельцы збудавалі Холмскую браму Брэсцкай крэпасці з вышчарбінамі ад куляў, вайскоўцы самі збурылі танкам Т-72, згрэблі, згрудзілі ў вырыты катлаван — каб хоць гэта не пакінуць тутэйшым.

 

І засталіся толькі сутаргі вялізных земляных гарбоў, чорныя, затхлыя горлы, жылы тросаў ды запеклыя пацёкі ржаўчыны. Аграмадны напаўвырыты труп.

 

Наш электрык Ігар уздзіраў падлогу ў адным з бункераў (дошка-саракоўка, не прападаць жа дабру), знайшоў бутэльку з-пад сітро, 1969 года, з запіскай двух салдатаў з хатнімі адрасамі. Напісаў абодвум, ніхто не адгукнуўся.

 

Часам у ваколіцах Пружанаў пачуеш уздых пра Савецкі Саюз: «Эх, была дзяржава… Усе баяліся!»

 

І расхінаюцца ў душы пячоры, робіцца гулка ў галаве, і разумееш. Адтуль. Вось яно, падземнае рэха крышанага бетону і ржавага жалеззя. Пустата падземнага Купліна насцярожвае. Гэтак жа, як і вайсковая форма старшыняў аблвыканкамаў, прызначаных генераламі. «Мы ответим на ПРО»… Пра што гэта яны? Ды ўсё пра тое ж.

 

Яны ўсё яшчэ адкрытыя, гэтыя ўваходы ў пекла. Яны пазяхаюць у чаканні. Яны не зачыняюць сваіх кратовых ратоў.

 

Тое, што не пахавана, бяссіла і бессаромна зеўрае ў неба. Разлагаецца. ЗАРАЖАЕ.

 

Велізарныя куплінскія катакомбы — гатовы музей для аблупленых ленінаў, гранёных шклянак, расстрэльных загадаў, крывавых сцягоў, усіх выкапняў, помнікаў і сведчанняў той, яшчэ не пахаванай эпохі, калі чалавецтва вырашыла жыць без Бога.

Навіны па тэме