6 студзеня 1892 года нарадзіўся Адам Станкевіч

06 студзеня 2013 11:24  |  Грамадства

121 год таму 6 студзеня 1892 года ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету, цяпер Смаргонскага району нарадзіўся слынны заснавальнік і лідар Беларускай Хрысцянскай дэмакратыі Адам Станкевіч, беларускі ксёндз, гісторык, выдавец, грамадскі і палітычны дзяяч, пакутнік, які скончыў жыццё ў савецкім ГУЛАГУ.

 

Ксёндз Адам Станкевіч ў 1917 годзе адным з першых у касцёле на Беларусі перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў. У гэтым жа годзе ён стаўся адным з ініцыятараў правядзення і ўдзельнік з’езду Беларускага Каталіцкага Святарства, што адбыўся 24 і 25 траўня ў Мінску і заснаваў Хрысціянскую Дэмакратычную Злучнасць, пазней ператвораную ў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю.

 

Кандыдат кананічнага права ў 1918 годзе, Станкевіч з 1919 года выкладаў рэлігію ў Віленскай Беларускай Гімназіі. У жніўні 1919 і з верасня 1922 гадоў ён – рэдактар і выдавец хрысціянскай дэмакратычнай газеты “Крыніца”. У 1922-28 гг. быў паслом (дэпутатам) Польскага Сейму.

 

29 сакавіка 1921 года ў касцёле баніфратраў у Вільні ксёдз Адам Станкевіч правёў знакамітую імшу з нагоды 3-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і ўпершыню ў гісторыі Вільні ХХ ст. завершыў яе казаннем на беларускай мове.

 

У 1924-26 гг. айцец Адам узначальваў Таварыства Беларускай Школы, быў старшынём і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК). У 1928-39 гг. рэдактар і выдавец часопіса “Хрысьціянская Думка”.

 

На 4-м З’езде БХД Станкевіч быў абраны Сябрам Цэнтральнага Камітэта Партыі. Вёў Набажэнствы на беларускай мове ў касцёле Св. Мікалая ў Вільні.

 

Адам Станкевіч – аўтар шматлікіх літаратурных твораў, як уласна рэлігійных для беларусаў-каталікоў, так і грамадска-палітычных і гістарычных, літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, па гісторыі хрысціянства на Беларусі, беларускага нацыянальнага адраджэння і асветы. Самыя буйныя і значныя яго манаграфіі – «Родная мова ў святынях» (1929), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» (1934), «Хрысціянства і беларускі народ: (Спроба сінтэзы)» (1940).

 

У 1938 годзе Станкевіч быў высланы польскай адміністрацыяй на 5 гадоў у Слонім. Восенню 1939 года вярнууся ў Вільню і стаў дырэктарам Беларускай Дзяржаўнай Прагімназіі.

 

7 снежня 1944 года Адам Станкевіч быў арыштаваны савецкімі ворганамі НКВД. 13 красавіка 1949 арыштаваны другі раз, 31.08.49 асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у Лукішках, потым у АЗЕРЛАГУ Тайшэт Іркуцкай вобласці, дзе і памёр. Пахаваны 10.12.49 каля вёскі Шаўчэнкі Тайшэцкага району.

 

Ксёндз Адам Станкевіч – адзін з вялікіх Беларусаў, хто ахвяраваў сваё жыццё за Бога і Айчыну! Ён як Хрыстос паклаў сваё жыццё як ахвяру на алтар і прынёс вялікі плён для нашай зямлі: ягоныя кнігі актуальныя і сёння, а большасць яго ініцыятываў трывае да цяперашняга дня. Гэты Вялікі Сын Беларускага народа, выбітны святар мусіць стаць светлым прыкладам і натхненнем для беларускіх святароў і ўвогуле для ўсіх беларусаў.

 

Нагадаем, у мінулым годзе з нагоды 120-годдзя нараджэння ксяндза Адама Станкевіча, а таксама да 70-годдзя з дня пакутніцкай смерці ў Менску ад рук нацысцкіх карнікаў іншага выбітнага грамадскага, палітычнага і рэлігійнага дзеяча, заснавальніка БХД, перакладчыка Новага Запету на беларускую мову і ідэолага беларускага нацыяналізму айца Вінцэнта Гадлеўскага, БХД абвесціла адыйшоўшы 2012 год годам Памяці айцоў Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча. Быў створаны аргкамітэт ушанавання іх памяці з прыцягненнем шырокай беларускай грамадскасці і прадстаўнікоў Каталіцкага касцёлу. Цягам усяго году ў Менску і іншых мясцінах Беларусі, а таксама ў Вільні і Варшаве праводзіліся шматлікія мемарыяльныя мерапрыемствы.

 

У розных гарадах Беларусі збор подпісаў па перайменаванні назваў савецкіх вуліц у гонар выбітных святароў, гістарычна-культурніцкія сустрэчы і малітвы ў касцёлах. Да таго ж былі надрукаваныя календары і плакаты ў памяць пра Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча, запушчаны сайт, прысвечаны ўшанаванню памяці святароў – http://data.zmk-by.org/. А выніковым мерапрыемствам года Памяці стала канферэнцыя “Айцец Вінцэнт Гадлеўскі і лідэры беларускага хрысціянскага адраджэння 1-й пал. XX ст.”, якая прайшла напрыканцы 2012 года ў Менску.

 

У межах дзейнасці аргкамітэту па ўшанаванні памяці нашых выбітных папярэднікаў адкрыты рахунак для збору сродкаў на ўсталяванне ім памятных знакаў. Аргкамітэт БХД заклікае ўсіх неабыякавых ахвяраваць сродкі на ўсталяванне мемарыялу беларускаму нацыянальнаму лідэру: ф-л 514 ААТ “ААБ Беларусбанк”, УНП 100420097, код банка 614, р/р 3819382102369. Абавякова пазначаць у назначэнні: ахвяраванне на дабрачынны рахунак №.000001

Болей навін