БХД заклікае далучацца да кампаніі “У абарону жыцця”

16 студзеня 2013 13:49  |  Галоўныя навіны

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае беларускіх вернікаў, грамадскіх актывістаў і іншых неабыякавых людзей далучацца да грамадскай кампаніі “У аброну жыцця”. Першы вынік гэтай кампаніі ўжо ёсць – 11 студзеня Савет міністраў адмяніў усе, апроч двух, сацыяльныя паказанні для абортаў.

 

Гэта стала магчымым, дзякуючы менавіта шырокай грамадскай кампаніі ў падтрымку ненароджаных беларусаў. З ініцыятывы БХД былі падрыхтаваныя змены ў закон “Аб ахове здароўя”, мэтай якіх ёсць абарона жыцця. У межах кампаніі праводзіліся шматлікія акцыі ў розных гарадах Беларусі, ладзіліся публічныя дыскусіі, гэтае пытанне шырока абмяркоўвалася ў СМІ – праблема набыла сапраўды нацыянальнае гучанне. Са зваротам да дзяржаўных уладаў звярнуліся хрысціянскія цэрквы, у Міністэрства аховы здароўя і Савет міністраў былі скіраваныя тысячы подпісаў грамадзянаў. І ў выніку 11 студзеня быў дасягнуты першы істотны крок на шляху да абароны жыццяў ненароджаных беларусаў: былі адменныя 8 з 10 сацыяльных паказанняў для абортаў на позніх тэрмінах – тое, да чаго заклікала БХД.

 

БХД вітае дадзеныя дзеянні ўладаў, але будзе і надалей працягваць сваю дзейнасць у дадзеным напрамку. “У грамадскай свядомасці беларусаў і дзяржаўнай практыцы забойства ёсць нормай. Дзяржава “мае права” забіваць людзей ад імя ўсіх беларусаў, выносячы смяротныя прысуды. Грамадзяне масава робяць аборты, не ведаючы, што гэта таксама форма забойства. Таму БХД будзе і надалей бараніць кожнае чалавечае жыццё”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

 

“Мы прапануем скараціць тэрмін, пры якім можна рабіць аборт, да сямі тыдняў. Гэта той тэрмін, на якім рабіць аборт бяспечна для жанчыны, як першы крок для спынення масавага забойства. Мы разумеем, што немагчыма забараніць аборты ў Беларусі, таму што гэта прывядзе да нелегальных, крымінальных абортаў. Мы прапануем увесці “час цішыні” як і ва ўсіх цывілізаваных краінах, калі жанчыне ў дзень звароту ў паліклініку не можа быць зроблены аборт. Для гэтага павінен прайсці пэўны час, каб не было неабдуманных абортаў”, – падкрэсліў ён.

 

Паводле яго словаў, сацыяльныя паказанні для аборту былі ўведзеныя за савецкім часам, паколькі дзяржава не хацела несці адказнасці за сацыяльна незабяспечаных людзей: тых, хто застаўся без працы, за жанчын, якія страцілі падчас цяжарнасці мужоў і гэтак далей. “Пры гэтым аборты на такіх позніх тэрмінах, на якіх рабіліся “сацыяльныя аборты”, неслі вялікую пагрозу жыццям жанчын і іх здароўю, многія з іх рабіліся няплоднымі ці інвалідамі. Тое, што гэтыя паказанні ўдалося адмяніць, паказвае, што масавыя грамадскія кампаніі – гэта адзіны механізм абароны правоў грамадзян”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін