Абмеркаванне праграмы БХД. Энэргетыка

29 студзеня 2013 16:41  |  Абмеркаванне праграмы БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

 

5.4. Энэргетыка

 

285. БХД бачыць энэргетычную бяспеку Рэспублікі Беларусь у некалькіх вымярэннях: эканамічным, палітычным і экалагічным.

 

Надзейнасць паставак энэргарэсурсаў


286. Пры залежнасці Беларусі ад імпарту паліўна-энэргетычнай сыравіны надзейнае, экалагічна нейтральнае і эканамічна мэтазгоднае энэргазабеспячэнне з’яўляецца палітычным пытаннем першачарговай важнасці.

 

287. Энэргетычная бяспека краіны ў значнай ступені залежыць ад вырашэння пытання паставак энэрганосьбітаў. БХД лічыць неабходным зменшыць рызыкі залежнасці нашай краіны ад імпарта энэргарэсурсаў.

 

288. Дыверсіфікацыя маршрутаў дастаўкі і транзіту энэргетычных рэсурсаў зменшыць залежнасць Беларусі ад аднаго пастаўшчыка і, адпаведна, звядзе да мінімуму звязаныя з гэтым патэнцыйныя рызыкі. Крыніцы атрымання і шляхі паставак паліўна-энэргетычнай сыравіны павінны быць пашыраны.

 

Бяспека паставак энэрганосьбітаў спрыяльна паўплывае на лібералізацыю ўнутранага энэргетычнага рынку краіны і ўнутраныя цэны на энэргію.

 

289. БХД лічыць неабходным павялічваць супрацоўніцтва з ЕС і суседнімі краінамі ў  шматбаковых супольных ініцыятывах у сферы энэргетыкі.

 

290. Энэргетычнае партнёрства з дзяржавамі-пастаўшчыкамі і дзяржавамі-транзіцёрамі павінна быць інтэнсіфікавана праз далучэнне нашай краіны да агульнай энэргетычнай палітыкі ЕС. Рэалізацыя ў Беларусі канцэпцыі энэргетычнай бяспекі “Усходняга партнёрства” дазволіць вырашыць шэраг экалагічных і эканамічных праблем краіны.

 

291. Пашырэнне інфраструктуры для транспамежнага гандлю электраэнэргіяй, газам і нафтай станоўча паўплывае на развіццё энэргетычнага рынку і цэн.

 

Мясцовыя крыніцы энэргіі і энэргаэфектыўнасць


292. Асновай энэргетычнай бяспекі нашай краіны з’яўляецца выкарыстанне шырокага і сбалансаванага спектру розных крыніц энэргіі.

293. Павелічэнне ў энэргабалансе краіны долі мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энэргіі дазволіць зменшыць залежнасць ад паставак энэрганосьбітаў з іншых краін.

 

294. Узнаўляльныя крыніцы энэргіі як мясцовыя віды энэрганосьбітаў могуць зрабіць істотны ўнёсак у павелічэнне энэргетычнай бяспекі і захаванне экалагічнай раўнавагі. Яны ствараюць шанцы для эканамічнага росту, развіцця інавацыйных тэхналогіяў і новых працоўных месцаў.

 

295. Ва ўмовах абмежаванага рэсурснага патэнцыялу Беларусі БХД бачыць неабходным павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энэргетычных рэсурсаў на аснове навукова-тэхнічных дасягненняў.

 

296. Для павелічэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі і забеспячэння высокага ўзроўню жыцця грамадзян энэргаёмістасць нашай прамысловасці і сельскай гаспадаркі неабходна знізіць як мінімум у два разы. 

 

297. У адпаведнасці з прынцыпам субсідыярнасці хатнія гаспадаркі, прадпрыемствы і мясцовыя супольнасці павінны граць большую ролю ў фармаванні контураў сістэмы энэргазабеспячэння краіны.

 

Атамная энэргетыка


298. У бліжэйшы час немагчыма адмовіцца ад выкарыстання атамнай энэргетыкі ў вытворчасці электраэнэргіі ў Беларусі. На сённяшні дзень Беларусь імпартуе электраэнэргію, вырабленую на атамных станцыях за мяжой. Рэалізацыя ўласнага атамнага праекту дазволіць павысіць энэргетычную дыверсіфікацыю і зменшыць залежнасць краіны ад імпарту вуглевадародных энэргарэсурсаў. Разам з тым БХД выступае супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, бо лічыць дадзены праект палітычна абумоўленым энэргетычнай стратэгіяй Расіі і не адпаведным нацыянальным інтарэсам.

 

299. Пры рэалізацыі атамнага праекту неабходна ўлічваць, што з яго дапамогай немагчыма цалкам вырашыць праблему энэргазабеспячэння і энэргетычнай незалежнасці. Для працы атамнай станцыі неабходна закупаць ядзернае паліва, якога Беларусь не мае, а краін –прадаўцоў ядзернага паліва значна менш, чым краін – прадаўцоў вуглевадароднай сыравіны. Таксама існуе пытанне вычарпальнасці сыравіны для ядзернага паліва пры тых тэхналогіях, якія цяпер прымяняюцца ў атамнай энэргетыцы. Актуальным пытаннем застаецца надзейнае захоўванне і ўтылізацыя радыёактыўных адыходаў. Дзяржава мусіць максімальна сур’ёзна падыходзіць да пытання бяспекі АЭС, пралічваць усе магчымыя негатыўныя наступствы і мець план на выпадак надзвычайных сітуацыяў на АЭС.

 

300. Развіццё навукі і тэхналогіяў падводзіць чалавецтва да сапраўды надзейнай, экалагічна бяспечнай і невычарпальнай энэргетыкі на аснове тэрмаядзернага сінтэзу, што літаральна з’яўляецца энэргіяй Сонца на Зямлі. Але вытворчаць у прамысловых маштабах тэрмаядзернай энэргіі з’яўляецца далёкатэрміновай перспектывай.

 

301. Улічваючы трагічны досвед катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, падчас якой найбольш за ўсіх пацярпела Беларусь, і тыя жудасныя наступствы ад катастрофы, БХД лічыць магчымым рэалізацыю атамнага праекта ў Беларусі толькі па выніках усенароднага рэферэндуму і шырокага экспертнага абмеркавання. 

 

Адказнае энэргетычнае гаспадаранне


302. Энэргаэфектыўнасць, эканомія і выкарыстанне ўзнаўляльных альтэрнатыўных крыніц энэргіі з’яўляюцца асноўнымі задачамі нашай палітыкі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.

 

303. Каб зменшыць пагрозы энэргетычнай бяспекі Беларусі, БХД выступае за: 

  • стварэнне справядлівых ўмоў для энэргетычнага бізнэсу, стабільнага і законнага інвеставання ў энэргетыку краіны;
  • змяншэнне долі прыроднага газу ў вытворчасці цеплавой і электрычнай энэргіі да 40-45% да 2020 года;
  • павелічэнне аб’ёму стратэгічных запасаў асноўных паліўна-энэргетычных рэсурсаў, у тым ліку за кошт пашырэння аб’ёму захоўвання газа ў падземных сховішчах газа краіны;
  • паскарэнне мадэрнізацыі вытворчых фондаў у цеплаэнэргетычным комплексе за кошт прыватызацыі і прыцягнення інвестараў, у тым ліку замежных;
  • развіццё энэргазберагальных тэхналогіяў і прыцягненне еўрапейскіх інвестыцыяў у энэргетычны сектар краіны;
  • павелічэнне колькасці ветравых установак і давядзенне іх выкарыстання да максімальна магчымай магутнасці  да 2020 года;
  • удасканаленне арганізацыйных і эканамічных механізмаў стымулявання энэргазберажэння;
  • змяншэнне спажывання цеплавой энэргіі за кошт рэформы ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі;
  • распрацоўку праграмы па ўстойліваму будаўніцтву і павелічэнню энэргаэфектыўнасці існуючых будынкаў;
  • структурную перабудову эканомікі краіны разам са зніжэннем у ёй долі энэргаёмістых галін;
  • правядзенне шырокай публічнай дыскусіі ў беларускім грамадстве і ўсенароднага рэферэндуму наконт развіцця атамнай энэргетыкі ў Беларусі;
  • далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскай сістэмы энэргетычнай бяспекі праз ратыфікацыю і паўнавартаснае выкананне палажэнняў Энэргетычнай хартыі;
  • развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі з удзелам Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы;
  • рэалізацыю праекту транзіта электраэнэргіі паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Літвой і стварэнне паўнавартаснага энэргетычнага рынку, інтэграванага ў энэргетычны рынак ЕС;
  • пашырэнне кааперацыі з краінамі Цэнтральнай Азіі як аднаго з асноўных рэгіёнаў –пастаўшчыкоў энэргетычных рэсурсаў;
  • перамовы з Польшчай і Украінай наконт распрацоўкі залежаў шэльфавага газа;
  • распрацоўку праграм эксплуатацыі вугальнага метана ў кансорцыюме з Украінай;
  • распрацоўку стандартаў і схем падаткаабкладання за празмерны ўплыў на навакольнае асяроддзе;
  • распрацоўку мандата па замене састарэлага абсталявання;
  • уключэнне ў праграмы міжнароднага гандлю квотамі на выкіды з мэтай атрымання сродкаў на мадэрнізацыю абсталявання.

 

Болей навін