Беларуская глыбіня. Калі Кітай пакаецца

11.02.2013, 16:26  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

За тое вось, Я аддам цябе
у спадчыну сынам Усходу…
Езэкіль 25:4

 

Гісторыя пружанская. Адбываецца ў былым вайсковым гарадку Шчарчова ў 30-ці кіламетрах ад райцэнтра, дзе цяпер вырошчваюць гародніну кітайцы.

 

Сядзіць, значыць, старшыня сельсавета ў сваім кабінеце, за сталом, па-над галавой партрэт, усё як належыць. Заходзіць кітаец — і з парога проста ў лоб:

 

– Давай землю, падлюка!

 

Старшыня як быў — так і абалдзеў. Мабыць, падумаў: усё. Вось яно, значыць… А мо так і трэба?.. Сядзіць, агаломшаны, утаропіўся ў гэтыя вузкія вочы, што твае танкавыя сматравыя шчыліны…

А кітаец нецярпліва:

 

– Ні хочэш пад люка, ну давай пад чэснока!

 

Старшыня пасля расказваў: даў ім такую зямлю, каб ані люка, ані чэснока не вырасла.

 

Што кажуць пра кітайцаў у Шчарчове? Цясноцце на нарах у былых вайсковых казармах. Праца ручная — матыка цэлы дзень. Пекінская капуста, у якую льюць нітраты і якой пружанцы гідзяцца. Першы год ураджай увогуле вывезлі на сметнік. Памідоры зжэрла фітафтора. Смурод ад смажанай кількі па ўсім наваколлі. У вёсках прападаюць куры ды сабакі… Першая партыя кітайскіх рабочых з голаду рванула на Мінск, дзе іх затрымлівала міграцыйная служба — і вяртала назад, каб урэшце адправіць дахаты, у Паднябёсную…

 

Другая кітайская хваля абсталявала ў Шчарчове цяпліцы. Жэрдкі з нацягнутай плёнкай. А ўсярэдзіне — звычайныя абагравальнікі і градкі. Незразумелы кабель цягнецца да цяпліцаў з самай далечыні раптоўнай здагадкі: гэта ж які сабекошт тае абагрэтае капусты?

 

Магчыма, у салодкіх еўразійскіх мроях беларускім чыноўнікам уяўляўся запаветны даўжэзны кітайскі агурок, ад якога (хоць і трава травой) можна адрэзаць кавалак на салатку, колькі трэба, а ён расце сабе далей…

 

Кітай ужо тут — і не пытаецца, як сябе паводзіць.

 

Запамінальнае агуканне па-кітайску ў беларускіх крамах: заходзяць і абмяркоўваюць па-свойму так гучна, што, ну, хлопцы, адчуваеш сябе зусім госцем. Яшчэ вучыўся ў Мінску — жыў побач з інтэрнатам, населеным кітайцамі і в’етнамцамі. Бацькі ў Віцебску ачомваюцца: кітайцы будуюць на Дзвіне электрастанцыю. Нават у ссылцы нікуды ад іх не падзецца, вось табе маленькі чайнатаўн у Шчарчове. А старэйшая сястра Ганна якраз пераязджае ў Смалявічы…

 

О-о, Смалявічы!..

 

80 квадратных кіламетраў пад Смалявічамі ўжо вызначылі пад гіганцкі тэхнапарк. Давай, як той казаў, зямлю. І маленькімі групамі па 5 мільёнаў чалавек…

 

— А што, я б кітайцаў узяў, — ажывіўся, пачуўшы пра Кітай-горад, наш гаспадар. Так і ўявіліся шматлікія, дробненькія, жаўцявыя, з вочкамі, што твая бульба, дзеці Усходу ў Купліне за пераборкай «скарбу»!

 

Кітайскім рабочым-мужчынам, круці ні круці, запатрабуецца сувымерная колькасць жанчын (чаго тут гадаць, з нашым адсоткам самотных беларусак цэлае пакаленне кітарусаў — пытанне недалёкага часу).

 

Ды ў Беларусь так і просіцца тэхнапарк, пабудаваны з дапамогаю Еўрасаюза і Штатаў (уласна, крыніцаў найноўшых тэхналогіяў), ды каб працавалі дома, а не ў Расіі, беларусы!..

 

Колькі яшчэ апошніх кітайскіх папярэджанняў патрэбна, каб сказаць: Кітай, кропка, бай…

 

Ці лёгка беларусу стаць кітайцам?

 

Можна было б спытаць у Фаіны Вахірэвіч з-пад Оршы, якая ў 1935, працуючы токарам на «Уралмашы», выйшла замуж за сына Чан Кайшы, Цзян Цзінга, і ў 1978 пад імем Цзян Фанлян стала першай лэдзі Кітайскай Рэспублікі Тайвань. Менавіта яе, беларусачку, што дасканала асвоіла кітайскія традыцыі (а ў 1994 атрымала з рук афіцыйнай дэлегацыі бел-чырвона-белы сцяжок незалежнай Беларусі), дзеці дома называлі па-беларуску «маці» — а ўдзячныя тайванцы — «маці нацыі»…

 

А ці лёгка кітайцу стаць беларусам?

 

Цзыўай Рафаэль Со, брытанскі грамадзянін кітайскага паходжання (сям’я эмігравала з Ганконга), каторы хрысціўся ў грэка-каталіцкай парафіі святых Пятра і Паўла, сёння вывучае беларускую і будуе нашу царкву ў Лондане, сведчыць: якіх толькі цудаў не творыць Госпад!..

 

Кітайцы — золата Бога, перакананы беларускі паэт, інак Мікалай Бембель з Жыровічаў. Калі Кітай пакаецца і прыме Хрыста…

 

О, калі Кітай з 1,5 мільярда насельніцтва і трыльёнамі ВУП пакаецца!..

 

А пакуль Кітай не выракся камунізму, не пайшоў шляхам Чан Кайшы з ягонымі сімпатыямі да хрысціянства, пакуль мы самі яшчэ не атрымалі загаду рабіцца кітайцамі (як у свой час расейцамі, палякамі ці савецкімі), пакуль кітайцы масава не збеларушчваюцца, нам самім згадаць бы, што гэтую вось зямлю — і ў Смалявічах, і ў Лужасне, і ў Шчарчове — разам з пранізлівай біблейскай гісторыяй, евангельскай нацыянальнай ідэяй і падмуркам веры на тысячагоддзе ўглыб даў у спадчыну ніякім не кітайцам, а нам, беларусам, Уладар сусвету і ўсяго паднябесся, Госпад Бог…

Навіны па тэме