Беларуская глыбіня. Разбуральнікі

18.02.2013, 15:33  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Бо калі гэтае пачынанне і гэтая дзея
ад людзей — дык яно разбурыцца,
а калі ад Бога, дык вы
не зможаце разбурыць яго.
Дзеі 5:38

 

Сварымся з інжынерам з Белавусаўшчыны.

 

— Слухайце, чаго вы шляхецкую сядзібу ў сябе разбурылі?

 

Інжынер, адзін з нямногіх непітушчых, у якога за год выходны бывае толькі 1 студзеня, падымае стомленыя вочы:

 

— Што?.. А, гнілое драўлянае там нешта? Во ўжо вашы раскрычаліся… шуму на ўвесь раён. Ды каму яно трэба, парахно тое, калгасу на баланс перадалі, ну дык нашто яно нам!..

 

— Нашто? Гэта гісторыя ваша, людзі вы…

 

— Нахрана. Нам. Гэта, — інжынер паўтарае, націскае на словы, глядзіць на мяне зморана і бязлітасна, быццам на паламаны трактар.

 

А зусім нядаўна, перад 200-годдзем Юзафа Крашэўскага, тут раскрышылі фамільны склеп Крашэўскіх у Доўгім.

 

Стаяла сабе ў бярозках камяніца ХІХ ст., есці не прасіла — і от, да прыезду нейкага мясцовага начальніка бульдозерам развярнулі, аж цынкавае ашмоцце ад трунаў ды прах па наваколлі… Бегаў Мікалай Воўчык, настаўнік гісторыі, крычаў — што ж вы робіце! — дык выклікалі ў райвыканкам. А там, замест таго, каб распытацца, як паправіць шкоду ды па-людску склеп аднавіць (справа-та падсудная!) — у лоб яму: «Ты што раён пазорыш?!» Ды так наехалі, каб нікому больш тут нават піскнуць не заманулася.

 

Ну вось нахрана нам гэта, яны ніяк зразумець не могуць.

 

І нішчаць, па-дробненькаму, бо адны рэшткі тут засталіся, ды і бесы здрабнелі, ці што… А вось яшчэ стагоддзе не прайшло — тады было так, па-буйному, увесь свет разбурым да асноваў. І палац Сапегаў у Ружанах, і кляштар у Картуз-Бярозе, і Палац Пуслоўскіх у Косаве, і цэрквы, і касцёлы, і людзей, безліч жывых людзей да сценкі, а потым і саму сценку ў руіну, каб ані слядоў ад куляў, ані крыві, ані напаміну…

 

Думаеш, думаеш, ідзеш слядком між крушняў, пазарасталых бур’янам, і ўсё адно. Крок за крокам апынаешся далей, чым хацелася б.

 

Якія такія «яны»!...

 

Мы самі. Або маўчым, даючы разбурыць, або разбураем самі — спярша абыякавасцю, грэблівасцю, а потым спрабуючы апраўдаць сябе… і ў выніку руйнуем нешта куды важнейшае, чым магілу ці закінутую шляхецкую сядзібу.

 

Разбураючы памяць, мы нішчым самі сябе.

 

Развальваем не адно муры, пабудаваныя продкамі-хрысціянамі. Растрэскваем ды раскідваем тое, у чым мы падобныя да Бога, і ўсё больш прыпадабняемся таму, чыя задача — у чалавеку ўсё Божае знішчыць. У большасці выпадкаў несвядома, але ад гэтага толькі страшней.

 

Чаму мы, увесь час гатовыя дзеля дробязяў разбурыць адносіны і згубіць чалавека, нават не задумваемся, што сэрцы больш пяшчотныя за камяні?

 

Чаму мы, асуджаючы звады паміж магнатамі ў вось-вось гатовай рухнуць дзяржаве, самі грызёмся міжсобку і сябруем толькі супраць кагосьці — хай яно хістаецца ды хоць лясне, абы супернікаў заваліла!

 

Чаму замест будавання прыкладаў усцяж гробім тое, што здаецца падазроным або дарэмным? Чаму так заўзята бяромся выкалупваць парушынкі з чужых вачэй ды вуснаў сваімі бярвеннямі?

 

…І потым здзіўляемся, чаму раптам так пуста і гулка на душы, а вакол — нікога, хто стаў бы побач.

 

Адказы вядомыя, чаго тут мараль чытаць.

 

Пакуль мы, як кепскія дзеці, бурым чужыя пясчаныя замкі ды ўласныя лёсы — Госпад будуе. І рэч у тым, што Ён пабудуе. Пытанне — з намі ці без нас.

 

Асабліва шматзначна шыецца, шэпчацца гэтае пытанне ў Новых Засімавічах — лясным вайсковым гарадку пад Пружанамі, дзе цяпер стаіць верталётная часць, знаходзіцца найвялікшая ў Еўропе калонія гракоў і дзе проста ў дварах на разлапістых хвоях сядзяць поседам совы.

 

Здавалася б, паўстагоддзя таму сюды прыйшлі разбуральнікі — тыя самыя, якія калісьці раскрышылі цэрквы і касцёлы старога Берасця, каб пабудаваць агромністую памежную крэпасць супраць Захаду, гатовыя знесці астатні свет зброяй. Рылі зямлю, абблытвалі яе дротам, расстаўлялі вялізныя рагатыя машыны, здольныя трымаць у страху цэлыя гарады і высаджваць у паветра кварталы феерычнымі ракетамі.

 

Але трэснуў, рассыпаўся сам Саюз, засталіся разгубленыя насельнікі — і вось у памяшканні былога КПП тагачасны вайсковец, а цяпер малады бацюшка, айцец Сяргей, з дапамогай сяброў, жыхароў і Бога зладзіў царкву — кантрольна-прапускны пункт у Валадарства Нябёснае.

 

Задуманы як часовы, без арыенціра па баках свету, нябёсна-лазуровы, усярэдзіне гэта ўжо сапраўдны храм, дзе нават у будні дзень поўна народу. Сабраныя з 1/6 часткі сушы колішнія атэісты, колішнія разбуральнікі збіраюцца будаваць. Хор сярод малітваў абавязкова спявае і беларускія, бацюшка, ужо каторы месяц прастыўшы, ладзіць тут набажэнствы, спраўляе трэбы ды яшчэ (машыны няма, просіць сяброў ды знаёмых) паспявае дапамагчы настаяцелю ў Пружанах…

 

Людзі, якіх вучылі забіваць, — каюцца. Моляцца, жагнаюцца, хто як умее. Збіраюць раскіданыя калісь камяні.

 

Шукаючы сябе ў мінулым, мы ў рэшце рэшт сустракаем Бога.

 

Шукаючы Бога ў будучыні, непазбежна ўпіраемся ў сябе. І, пакуль мы не на небе, нікуды нам не дзецца — ані ад грэху, што разбурае нас, ані ад Творцы, Які аднаўляе нас.

 

Бо такім наша жыццё, поўнае любові скрозь боль, збудаваў найвялікшы Будаўнік усіх часоў і народаў, Той, да Каго шэпчуць, маўчаць, як умеюць, і пяюць у былым КПП Новых Засімавічаў — Магутны Бог.

Навіны па тэме