БХД віншуе каталікоў з абраннем новага Папы Рымскага

13.03.2013, 22:21  |  Навіны » Свет

Пурпураты абралі аргентынскага кардынала Хорхэ Берголіа 266-м Наступнікам св. Пятра. Новы Папа выбраў сабе імя Францішак. Аб гэтым абвясціў у 20.11 па рымскім часе з балкону цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран, які, звяртаючыся да сабраных, прамовіў традыцыйную формулу: “Habemus Papam!” (У нас ёсць Папа), а затым назваў імя новаабранага Пантыфіка.

 

Адразу пасля гэтага на балконе з’явіўся сам Папа, каб прывітаць вернікаў і ўдзяліць ім сваё першае апостальскае благаслаўленне “Urbi et Orbi”. Францішак І таксама звярнуўся да сабраных вернікаў. Ён пажартаваў, што, каб “даць Рыму Біскупа (...) браты-кардыналы скіраваліся “аж на край свету”. Ён падзякаваў жыхарам Вечнага Горада за адкрытасць і заклікаў памаліцца за Папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI. Пасля чаго разам з усімі прамовіў “Ойча наш”, “Вітай Марыя” і “Хвала Айцу”. Пасля малітвы Святы Айцей адзначыў, што з гэтага дня пачынаецца шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові паміж ім і народам. Ён заклікаў маліцца, каб ва ўсім свеце настала сапраўднае братэрства. Пантыфік папрасіў у цішыні памаліцца за яго. Пасля чаго ўдзяліў сабраным благаслаўленне і прызнаўся, што заўтра адправіцца памаліцца да Найсвяцейшай Панны Марыі. “Дзякуй за вашу адкрытасць. Маліцеся за мяне і да хуткай сустрэчы. Дабрай ночы і добрага адпачынку”, сказаў на развітанне папа Францішак І. 

Такім чынам, 266-ы Рымскі Пантыфік быў абраны на працягу трэццяй сесіі ў другі дзень галасавання. Несумненна, гэты канклаў увойдзе ў гісторыю як адзін з самых хуткіх па працягласці.

 

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя віншуе ўсіх каталікоў з абраннем новага Папы Рымскага Францішка І.

 

Паводле беларускай рэдакцыі Радыё Ватыкана

Навіны па тэме