У Кіраўскім раёне народныя дэпутаты спрабуюць добраўпарадкаваць вёску Сяргеевічы (фота)

14 сакавіка 2013 14:48  |  Рада Народных Дэпутатаў

У Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці народныя дэпутаты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі на працягу трох гадоў спрабуюць добраўпарадкаваць вёску Сяргеевічы, аднак ад уладаў атрымліваюць адныя адпіскі.

 

Як распавяла магілёўская каардынатарка аргкамітэту БХД Таісія Кабанчук, яна разам з сябрамі БХД Вадзімам Кабанчуком і Яўгенам Маразевічам неаднаразова збірала подпісы вяскоўцаў, за тое, каб у вёсцы пасыпалі гравіем вуліцу Лясная, якая ў час адлігі і дажджоў ператворваецца ў непраезнае балота, прыбраць несанкцыянаваныя звалкі смецця, у тым ліку каля мясцовага балота і на могілках, а таксама прызначыць месцы для санкцыянаваных звалак, адкуль бы рэгулярна прыбіралася смецце.

 

Аднак за тры гады ўлады здолелі толькі пасыпаць гравіем вуліцы, што трошкі палепшыла сітуацыю, ды вывезлі дзве кучы смецця. Аднак санкцыянаваных месцаў для выкіду смецця зроблена так і не было, гэтак жа не арганізаваны і вываз смецця.

 

“Улады ў сваіх адпісках сцвярджаюць, што гэта ўсё ёсць, але насамрэч нічога няма. Ніякіх кантэйнераў для смецця ніхто нідзе не паставіў, і людзі працягваюць цягаць смецце, куды захочуць, забруджваючы і балота, і могілкі з лесам. Ды й смецце ніхто не вывозіць”, – паведаміла Таісія Кабанчук.

 

Паводле яе словаў, актывісты працягнуць змагацца за вырашэнне дадзеных пытанняў. Да таго ж яны збіраюцца заняцца таксама адсутнасцю асвятлення вуліц.

 

У Кіраўскім раёне народныя дэпутаты спрабуюць добраўпарадкаваць вёску Сяргеевічы (фота)У Кіраўскім раёне народныя дэпутаты спрабуюць добраўпарадкаваць вёску Сяргеевічы (фота)

Болей навін