Беларуская глыбіня. Кроў Папялушкі

18.03.2013, 22:15  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Не будзь пераможаны злом,
а перамагай зло дабром.
Да Рымлянаў 12-21

 

Калі Касцёл абвяшчаў яго блаславёным, на пляцы Пілсудскага ў Варшаве сабраліся сотні тысячаў вернікаў са 140 краінаў.

 

Ежы Папялушка — капелан «Салідарнасці», святар, які спавядаў і прычашчаў бунтоўных рабочых, зрабіўся Сэрцам мірнага польскага супраціву.

 

«Свабода — яна ўнутры нас!» — так і чуеш, як малады ксёндз прамаўляе казань перад рабочымі, якія бастуюць у Варашаўскай гуце, сялянамі на роднай Беласточчыне, інтэлігенцыяй у сталічным касцёле Святога Станіслава Косткі.

 

Ягоная свабода ёсць у кожным з нас, беларусаў. Папялушка нарадзіўся ў сям’і простых беларускіх сялянаў — у вёсцы Акопы гміны Сухаволя Падляскага ваяводства ў 1947.

 

Маленькім нават не размаўляў па-польску: вясковая Беласточчына — край глыбокіх ліцвінскіх каранёў. Пасляваеннае Падляшша, аддадзенае Сталіным Польскай Народнай Рэспубліцы, сплывала крывёю: Саветы расстрэльвалі класавых ворагаў ды нацыяналістаў, лясныя АКаўцы рэзалі горлы бальшавікам ды беларусам… а ціхі вернік, хударлявы хлопчык пайшоў міністрантам у касцёл. «Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром» — дэвіз з Паслання апостала Паўла да Рымлянаў ксёндз Ежы будзе паўтараць і паўтараць на казанях да «Салідарнасці». Пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Варшаве 24-гадовага Папялушку высвяціў на святара вялікі кардынал Стэфан Вышынскі.

 

У 1980 Польшча паўстала. У тым жа 1980 Ежы споўнілася 33 — узрост Хрыста.

 

І менавіта Папялушка ўзяў на сябе служэнне, на якое адважыліся нямногія і якое стала ягоным крыжам — стаў душпастарам апазіцыі, рабочых, што забаставалі па ўсёй краіне. З увядзеннем вайсковага становішча і арыштам тысячаў актывістаў «Салідарнасці» палякі хлынулі ў Касцёл. У парафіі Станіслава Косткі ў цэнтры Варшавы людзі не змяшчаліся ў храме. Рашучыя рабочыя стаялі знадворку і абураліся: народ ідзе да Касцёла па абарону, а што Касцёл?.. І тады Папялушка распачаў «Імшы за Айчыну». Ягоныя казані трансляваліся праз радыё «Свабодная Еўропа». Капелан «Салідарнасці» ездзіў па ўсёй краіне. У 1983 улады сфабрыкавалі супраць яго крымінальную справу, але кіраўніцтва Касцёла выцягнула яго з турмы.

 

13 кастрычніка 1984 года ля Гданьска польскае гэбэ, палюючы на Папялушку, зладзіла аўтааварыю. Малады ксёндз ацалеў. 16 кастрычніка кардынал-прымас Юзаф Глемп выклікаў Папялушку. Усе разумелі, да чаго ідзе. Глемп прапанаваў выехаць на вучобу ў Рым. Ежы адмовіўся.

 

Праз тры дні, 19 кастрычніка, на дарозе Торунь—Варшава тры афіцэры спецыяльнага аддзела Службы Бяспекі, адзін з якіх быў апрануты даішнікам, спынілі машыну з Папялушкам. Ксяндза выцягнулі і збілі. Завезлі на бераг вадасховішча. Зацягнуўшы на шыі пятлю ды прывязаўшы груз, утапілі каля плаціны Улацлавэка.

 

Усё было зроблена так, каб труп не ўсплыў.

 

Але Вісла выштурхнула цела — і разам са страшнай праўдай з глыбіняў выплыў боль Касцёла і гнеў цэлай Польшчы. Пахаванне Папялушкі 3 лістапада 1984 сабрала 250 тысячаў чалавек.

 

У 2010 на плошчы Пілсудскага ў Варшаве падчас беатыфікацыі ксяндза Папялушкі ягоная матуля, 100-гадовая Марыяна, сказала цэламу свету:

 

— Калі сына хавалі, я развітвалася з ім са слязьмі на вачах… Але буду вітаць яго з радасцю. Там, дзе няма ані страху, ані болю, ані смерці.

 

Папялушка — гарачае беларускае сэрца, аддадзенае Польшчы.

 

Так і чуецца знаёмы павеў…

 

З Беларусі ў Польшчу ўвесь час веяла ціхім евангельскім ветрам — ад часоў пабожнага Ягайлы, праз «Берасцейскую Біблію» Мікалая Радзівіла Чорнага і «Новы Запавет» Буднага. Што і казаць, калі духоўным настаўнікам Караля Вайтылы, будучага папы Яна Паўла ІІ, быў кардынал Павал Сапега! Менавіта беларуская кроў была той крыніцай і незагойнай ранай, што выяўляла ў Польшчы Езуса Укрыжаванага.

 

Беларусь — радзіма патрыярха польскай літаратуры і песняра польскага пілігрымства Адама Міцкевіча, родны дом найбольш плоднага хрысціянскага пісьменніка ў свеце, які напісаў 600 тамоў твораў, Юзафа Крашэўскага, айчына натхнёных пісьменнікаў эпохі Асветніцтва — Францішка Багамольца, Адама Нарушэвіча, Францішка Князніна, Юльяна Нямцэвіча, геніяльнага аўтара кнігі Quo Vadis, ухваленай Ватыканам, Генрыка Сянкевіча.

 

Бацька польскай оперы — беларус Станіслаў Манюшка. Пачынальнік польскага сімфанізму — наш Мечыслаў Карловіч. Аўтар найвядомейшага ў свеце паланэза — пранізлівы паўстанец Міхал Клеафас Агінскі.

 

Нават бацька сучаснай польскай дзяржавы — віленскі беларус Юзаф Пілсудскі.

 

Папялушка — адзін з такіх.

 

А на каго ж Бог пакінуў саму Беларусь?

 

Беларускі Касцёл зрабіў надзвычай шмат, каб мы прайшлі той жа шлях да волі, які прайшла Польшча.

 

Беларускі Касцёл — гэта царква заснавальнікаў БХД Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага, кардынала-пакутніка Казіміра Свёнтка і перакладчыка Бібліі Уладыслава Чарняўскага, правадыра Адраджэння Зянона Пазняка і пробашча Чырвонага Касцёла Уладыслава Завальнюка, братоў Баркоў і дружнай грэка-каталіцкай грамады… Царква чыстае веры, прынцыповае беларускасці… і традыцыйнае асцярожнасці.

 

Але калі бачыш маладых хударлявых ксяндзоў з яснымі вачыма, што выбіралі семінарыю ў 1990-я, а цяпер вядуць пілігрымкі і адкрыта носяць белую з чырвоным стужку Хрыста — адразу згадваеш: гэта царква блаславёнага Ежы Папялушкі.

 

Гэты ксёндз рабіў нешта вельмі-вельмі простае. Уголас называў белае — белым, чорнае — чорным, волю — воляй, а праўду — праўдай. Перамагаў зло дабром. І гэтак жа проста аддаў сваю беларускую кроў агромністаму народу, каб увесь народ, знявераны і запалоханы, мог нарэшце прыняць і ўмясціць Неўмяшчальнага Збаўцу

Навіны па тэме