З якімі праблемамі сутыкаюцца менскія анколагі?

19.03.2013, 11:48  |  Навіны » Грамадства

На шматлікія пытанні грамадзян, адрасаваныя гарадскому Камітэту аховы здароўя, адказаў галоўны ўрач Мінскага анкалагічнага дыспансера Уладзімір Сцяпанавіч Каранік. Сустрэча адбылася па просьбе ініцыятыўнай групы ў адміністрацыйным корпусе.

 

Нас перш за ўсё турбавала пытанне ранняй дыягностыкі раку. Калі б гэтае цяжкае захворванне дыягнаставалі на ранняй стадыі, а не на 3-й, 4-й, не давялося б рабіць па 500-600 аперацый за месяц у адной толькі ўстанове.

 

З размовы актывісты даведаліся шмат новага. Напрыклад, што ў раённых паліклініках сталіцы існуе 8 адзінак анколагаў, але пра пра іх няма інфармацыі на стэндзе вузкіх спецыялістаў. Што выявіць анкалогію можа любы доктар: тэрапеўт, хірург, уролаг, практолаг, стаматолаг і інш. Што не хапае абсталявання для праверкі на рак грудзей жанчын пажылога ўзросту (такая праверка адбываецца толькі ў адным раёне сталіцы). Што дасюль не ўведзена, а толькі запланавана на будучае вакцынацыя дзяўчатак ад раку шыйкі маткі. Між тым на платнай аснове можна прайсці ўсё: і вакцынацыю, і ультрагукавое абследаванне, і праверку на антыген пасля аперацыі, і кансультацыю генетыка, і многае іншае.

 

У.С.Каранік падкрэсліў, што “ўзровень клопату пра сваё здароўе ў нашых людзей крайне нізкі”. Напрыклад, калі ў Савецкім раёне правяралі мужчын на ПСА (антыген), іх немагчыма было зазваць у паліклінікі па месцы жыхарства.

 

Галоўны ўрач лічыць, што сродкаў на ахову здароўя з бюджэту горада выдзяляецца дастаткова. У дыспансеры, напрыклад, будзе ўзведзены новы 9-павярховы корпус і ўстаноўлена сучасная тэхніка прамянёвай тэрапіі. А ўвогуле, як мы зразумелі, лячэнне на рак – гэта толькі частка агульнамедыцынскіх праблем, з якіх мо галоўная – загружанасць урачоў, што не дазваляе ім быць уважлівымі да пацыентаў.

 

 

Галіна Каржанеўская

Навіны па тэме