Віталь Рымашэўскі: улады баяцца Дня Волі

19 сакавіка 2013 19:12  |  Палітыка

У Менску 19 сакавіка адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды святкавання Дня Волі, на якой члены аргкамітэта расказалі пра мерапрыемствы да 95-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У прэс-канферэнцыі ўдзельнічалі сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні “Руху За Свабоду” Юрый Губарэвіч і каардынатар “Еўрапейска Беларусі” Віктар Івашкевіч.

Асноўныя мерапрыемствы да Дня Волі прайдуць у Менску 24 сакавіка ў выглядзе шэсця і мітынгу у Парку дружбы народаў. Хоць улады і забаранілі ўдзельнікам шэсця прыносіць транспаранты, прыносіць сцягі ніхто не забараняў.

 

“Тое, што транспарты забароненыя – гэта правакацыя з боку спецслужбаў. Гэта спроба адбіць ахвоту ў людзей удзельнічаць у шэсці. Да таго ж гэта здзек з дэманстрантаў і з Дня Волі, бо які мітынг ці шэсце можна ўявіць без транспарантаў? Гэтымі забаронамі ўлады паказваюць, што яны панічна баяцца беларускай апазіцыі і любых вулічных акцый. Разам з тым сцягі і нацыянальную сімволіку ўлады не забаранілі, таму заклікаем усіх прыходзіць 24 сакавіка і прыносіць з сабой нацыянальныя сцягі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

Ён таксама адзначыў, што ў гэтым годзе святкаванне Дня Волі не абмяжоўваецца вулічнымі акцыямі. Так, 22 сакавіка адкрыецца выставы мастацкай суполкі «Пагоня» на Чарнышэўскага 3, 23 сакавіка – там сама навуковая канферэнцыя, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму і паўстанню 1863—1864 гадоў, а 25 сакавіка – выніковая канферэнцыя. “Запрашаем усіх браць удзел і ў гэтых мерапрыемствах”, – заявіў сустаршыня БХД. 

Болей навін