Ці хочуць урачы, каб мы былі здаровымі?

20 сакавіка 2013 18:16  |  Галоўныя навіны

Як карысна размаўляць са спецыялістам сваёй справы… Ад зубоў адскоквае. Мы знаходзіліся ў кабінеце галоўнага ўрача Мінскага анкалагічнага дыспансера. “Мы” — гэта група грамадзян, што падпісала калектыўны зварот у гарадскі Камітэт аховы здароўя. Камітэт і збагрыў нас — разам з нашымі нязручнымі пытаннямі — Караніку Уладзіміру Сцяпанавічу. 

Гаворка атрымалася няпростая. Усе праблемныя мясціны мы абыходзілі, як міны. Але, дзякуючы папярэдняй кансультацыі ў практыкуючых анколагаў, мы ўсё ж з большага скіравалі гаворку ў патрэбнае рэчышча і пачулі шмат новага.

Уражвае сама лічба: 610 праведзеных аперацый за люты ў адной толькі ўстанове! За мінулы год — 8,5 тысячы выяўленых захворванняў у Мінску (з іх 13,4% — запушчаныя выпадкі). Ёсць прагнозы, што к 2030 году гэты лік падвоіцца. Што ж робіцца па лініі гарадской аховы здароўя, каб нашы хваробы дыягнаставаліся своечасова, гэта значыць — не на 3-й, 4-й стадыі? 

У працэсе гаворкі стала ясна, што праблемы анкалогіі — толькі частка агульнаграмадскіх. Ранняя дыягностыка — вось слабое месца нашай медыцыны. Насамрэч рак (язвачку, пухліну, змененую радзімую пляму і іншае) можа выявіць любы медык: хірург, стаматолаг, уролаг, спецыяліст па захворваннях скуры… І найперш, вядома, тэрапеўт, у якога мы бываем часцей за ўсё. Яго задача — быць уважлівым. Аднак падчас прыёму ён бясконца піша, не паднімаючы вачэй ад карткі, і рэдка задае дадатковыя пытанні. 

Вы, можа, не ведаеце, што ў канцы вашай медкарткі па месцы жыхарства ёсць спецыяльны ўкладыш, дзе штогод павінны запісвацца вынікі анкаагляду. Звярніце ўвагу: першасны рэгулярны агляд на рак робіць участковы тэрапеўт! Вам картку не пакажуць. Верагодна, рукой урача ўсё неабходнае запісана і нават пастаўлены спецыяльны штамп. Гэтак жа фіктыўна там могуць адзначыць правядзенне абавязковага за тры гады поўнага абследавання, якога вы таксама не праходзілі, бо грып вылежвалі дома, а іншых напасцяў з вамі не здаралася. 

Ну, калі згаданы ўкладыш — непатрэбшчына і фармалізм, то чаму не адмяніць яго міністэрскім загадам? 

З апытання на сайце БХД адносна медыцынскага абследавання вынікае, што з 94 прагаласаваўшых 34 не памятае, калі яго праходзіла, а 28 не праходзіла ніколі. 

У дактароў няма часу быць уважлівымі. Усе яны працуюць на паўтары стаўкі. Яны набіраюць дзяжурстваў, каб уначы аформіць гісторыі хвароб. Не чытаюць і тым больш не выпісваюць навуковай літаратуры па спецыяльнасці. (Каб трапіць на стажыроўку за мяжу, патрэбна мець трошкі іншыя таленты.) Вы думаеце, я зараз звяду гаворку да аплаты іх працы? А вось і не. Працытую аднаго класнага доктара: “Калегі, майце сумленне! Пацыенты не вінаватыя, што вам мала плоцяць. Вы што — не ведалі, паступаючы ў медыцынскі, якая ў вас будзе зарплата па сканчэнні вучобы?”

Навіной для ўдзельнікаў сустрэчы стала наяўнасць 8 ставак анколагаў у раённых паліклініках. Два гады гэтыя вакансіі пуставалі, бо “маладога і нявопытнага туды не пашлеш”. Пра старэйшых прамаўчалі. Бо вопытнага медыка ў паліклініку не загоніш. У стацыянары на ім прыкладна 20 ложкаў, а ў паліклініцы — 60 наведвальнікаў за 5 гадзін прыёму! Хто захоча лезці ў такі калаўрот? Вось чаму штат раённых паліклінік у горадзе ўкамплектаваны тэрапеўтамі толькі на 30%. 

Я пацікавілася па месцы жыхарства наконт анколага. Адказалі, што ёсць такі, прыходзіць раз на месяц. Інфармацыю пра яго не вывешваюць на стэндзе вузкіх спецыялістаў. Як, дарэчы, і пра валеолага. Пра тых сама даведка не ў курсе, што яны такое, за што адказваюць і дзе сядзяць. 

Дынаміка па лячэнні раку, як паведаміў У.С. Каранік, абнадзейвае. Хоць за апошнія 2-3 гады ў Мінску лік захворванняў расце, затое змяншаецца смяротнасць ад іх. Абдумаўшы пачутае, многія з нас успомнілі выпадкі, калі чалавек праходзіў “хімію” і паміраў, але прычынай смерці было запісана што заўгодна, толькі не рак. Афіцыйная статыстыка сведчыць: 40% анкалагічных хворых паміраюць ад захворванняў, не звязаных з ракам. Ад пнеўманіі, напрыклад. Гэты працэнт уяўляецца падазрона вялікім. 

Знаёмы ўрач шырокага профілю прызнаваўся: калі ты пішаш праўду ў картцы, ты будзеш горшым спецыялістам у аддзяленні. Гэта як у міліцыі: чым лепшыя фармальныя паказчыкі па злачыннасці, тым вышэй ацэньваюць тваю працу. Не важна, якой цаной тыя паказчыкі дасягаюцца. Дык каму ахвота быць казлом адпушчэння ў роднай установе? Так што статыстыку падтасоўваюць не зверху, а ў самым нізе — каб начальства не біла ў каршэнь. І так па ўсёй ведамаснай вертыкалі. Пытанне ў тым, у якой ступені можна давяраць айчыннай статыстыцы. 

Адказваючы на нашы пісьмовыя і вусныя пытанні, Уладзімір Сцяпанавіч дыпламатычна пазбягаў параўнанняў з сусветным вопытам. Ён стрымана ацаніў сістэму анкалагічнай дапамогі ў Францыі і Германіі. Праўда, пахваліў Швейцарыю, Канаду, Бельгію. Маўляў, на Захадзе ў насельніцтва ёсць матывацыя абследавацца штогод, гэтага патрабуе сістэма медыцынскага страхавання. Не абследуешся, а потым захварэеш — сам будзеш плаціць за лячэнне. 

Як сочаць за сваім здароўем у нас — распавядаць не трэба. У Першамайскім раёне два гады дзейнічаў пілотны праект абследавання мужчын на ПСА (антыгены). Дык самае складанае было — іх да доктара зазваць. І ў жыроўках пісалі, і лісткі ў скрыні кідалі, і плакаты ў паліклініках вешалі, і перадавалі праз жанчын у адззяленнях гінекалогіі, каб дужая палова праверылася… Зараз нібыта вопыт распаўсюджваецца на іншыя раёны. Але методыку ўдасканалілі: прадпрыемствы заключаюць дамовы з медустановамі і аплочваюць працэдуру праверкі. Справа пайшла весялей. Там, дзе не загоніць жонка, лёгка справіцца начальнік аддзела або цэха. Заадно медустановы выконваюць план па платных паслугах. 

Жанчыны, здавалася б, часцей замаўляюць талоны і цярпліва сядзяць у чэргах на прыём. Тут іншая праблема: не хапае абсталявання па праверцы малочных залоз. Між тым абавязковае абследаванне на рак грудзей пасля 42 гадоў павінна быць агульнарэспубліканскім праектам, а не пілотным у адным горадзе.  

Сярод праблем галіны адзначым яшчэ недахоп сястрынскага і санітарнага персаналу, спецыялістаў па тамаграфіі. Даўно састарэла тэхніка прамянёвай тэрапіі, і таму запланавана будаўніцтва на тэрыторыі дыспансера 9-павярховага радыялагічнага корпуса. 

Агульнапрызнана, што Мінск не дацягвае да заходніх нарматываў па колькасці хоспісаў. Якая чарга ў двух гарадскіх хоспісах, мы так і не даведаліся. А яна дакладна ёсць. Асабліва з улікам таго, што па дзесяць ложкаў выдзелелі іншым катэгорыям невылечна хворых і з іх дапамогай папаўняюць бюджэт немалой “капеечкай”. Дык будуйце дадатковыя спецыялізаваныя прытулкі часовага ўтрымання. Не зарабляйце на нашых няшчасцях! 

Што ўзровень клопату пра сваё здароўе ў нас “крайне нізкі”, нельга не пагадзіцца. Цяжэй прыняць тэзу, быццам для прафілактыкі здаровага ладу жыцця дастаткова стэндаў у паліклініках, так званых дзён здароўя і лекцый на прадпрыемствах. Не стае сацыяльнай рэкламы на БТ, шырокага розгаласу ў прэсе. Дзве праграмы на ўсе дзяржканалы — мізер! Ды і не параўнаеш іх з папулярнымі тэлепраектамі маскоўскай або кіеўскай тэлевізіі, дзе ўрачы даюць рэкамендацыі, паведамляюць сімптомы, вучаць самадыягностыцы і г.д. У Беларусі, на жаль, дзяржаўнай праграмы прафілактыкі не існуе, пра што не раз пісаў прафесар Э. Збароўскі. 

Вось некалькі парад ад кандыдата навук У.С. Караніка: 

Абавязкова адзін раз на год праходзіць флюраграфію, раз на 10 год — коланаскапію (для ўсіх); 

Адзін раз на два гады — мамаграфію (для жанчын); 

І не забыцца пра аналіз на ПСА (для мужчын). 

І нарэшце — апошняе. Высокі медыцынскі чын лічыць, што грошай з гарадскога бюджэту на ахову нашага здароўя выдзяляецца дастаткова.Чаму ж тады не ўведзена дасюль абавязковая вакцынацыя дзяўчынак ад раку шыйкі маткі? Аказваецца (дзіва дзіўнае!), яна запланавана на наступны год. Як быццам хтось наперад бачыў, што грамадскасць захвалюецца і прад’явіць прэтэнзіі. Чаму тады ў адным Савецкім раёне праводзіцца мамаграфія жанчын пажылога ўзросту, а не ва ўсёй сталіцы? Толькі і чуем звыклае: не хапае таго, не хапае гэтага… Аднак жа на платнай аснове можна атрымаць усё: і вакцынацыю, і ультрагукавое абследаванне, і праверку на антыгены, і кансультацыю генетыка… Выходзіць, прычына не ў абмежаванасці сродкаў, а ў нечым іншым? Скажам, у стаўленні дзяржавы да сваіх грамадзян? 

На сустрэчы прагучала шмат прыкладаў, лічбаў і працэнтаў у доказ таго, што беларуская медыцына — не горшая ў свеце. Не ясным засталося адно: на якіх лейцах зацягваць на анкалагічнае абследаванне шараговых, не ахопленых дыспанзерызацыяй па месцы працы грамадзян, калі ў такім абследаванні не зацікаўлены самі ўрачы? 

Болей навін