Віталь Рымашэўскі: без змены ўлады і палітычных рэформаў Беларусь чакае эканамичная стагнацыя, а беларусаў - збядненне

28.03.2013, 12:53  |  Галоўныя навіны, Свет

Прадстаўнікі БХД Віталь Рымашэўскі і Дзяніс Садоўскі ўзялі ўдзел у панельнай дыскусіі "Стратэгіі рэфармавання беларускай эканомікі", якая прайшла 28 сакавіка ў Менску.

 

У мерапрыемстве узялі ўдзел доктар эканамічных навук Леанід Злотнікаў, экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, прадстаўнікі экспертнай супольнасці і грамадскія актывісты.

 

Мерепрыемства ставіла за мэту абмеркаванне сучаснага стану эканомікі Беларусі і магчымых шляхоў выйсця з эканамічнага крызісу.

Вынікі дыскусіі каментуе Віталь Рымашэўскі: “ Задача беларускай незалежная апазіцыі – не толькі прэзентаваць свае планы рэформаў, але давесці да грамадзян краіны, што без змены ўлады і палітычных рэформаў Беларусь непазбежна чакае далейшая эканамічная стагнацыя, а беларусаў - збядненне. Не кажучы пра гэта, а распавядаючы пра адныя толькі планы эканамічных рэформаў, мы будзем уводзіць беларусаў у зман.

 

Беларускія ўлады таксама бясконца заяўляюць пра неабходнасць рэфармавання эканомікі, але пры гэтым, не мяняюцца аўтарытарныя метады кіравання ні эканомікай, ні ўсёй краінай у цэлым. Цягам 18 год з міністэрстваў, з кіруючых пасад на дзяржаўных прадпрыемствах выціскаліся прафесіяналы, людзі з незалежнымі поглядамі. У выніку такога “адбору” – структура беларускай улады ў асноўным складаецца з кар’ерыстаў, гатовых бяздумна падлыгваць вышэйшаму кіраўніцтву, з ліпавых “дактароў” навук. Дзейсная улада не толькі не жадае, але і не ведае як праводзіць рэфармаванне эканомікі.

 

Відавочна, што сёння неабходны інтэлектуальны патэнцыял і кадры, здольныя правесці рэальныя эканамічныя рэформы. Яны знаходзяцца ў недзяржаўным грамадскім сектары, у палітычнай апазіцыі. Апроч гэтых людзей праводзіць рэформы папросту няма каму. Таму і ўратаваць беларускую эканоміку можа толькі поўная змена ўлады і дэмакратызацыя палітычнай сістэмы.

У асноўным, праведзеная панельная дыскусія і высновы вядучых незалежных эканамістаў гэта пацвярджаюць.”

Навіны па тэме