Беларуская глыбіня. Стасевіч, святы антысаветчык

18.04.2013, 09:36  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Значыць, вы нічога не чулі пра святога Лявонція Стасевіча?..

 

Беларусы­-беларусы, хрысціянскі мы народ… Як гэта выйшла, што нават пасынкі саўка і дзеці перабудовы, зацятыя антысаветчыкі, дагэтуль не ведаюць пра вялікіх, хто згараў у самай глыбіні імперыі, каб хоць трошкі падсвяціць бацькам выйсце? Тыя, чыя штодзённая пяшчота ў рэшце рэшт дала магчымасць Станіславу Шушкевічу ў адзін цудоўны заснежаны момант паставіць у Віскулях свой знакаміты знішчальны росчырк?.. Тых, чыя веліч выявіцца з часам, калі нам прыйдзе пара рассыпацца ў прах і ўгнойваць беларускую зямлю сабою?... Чыё жыццё — адказ на пытанне, што рабіць сярод страху, хлусні, безнадзейнасці, а лёс — жывая, пакутлівая і агаломшвальная беларуская місія…

 

Героі вечнасці чакаюць на нябёсах. Толькі адтуль відаць, наколькі дробязныя нашыя высілкі па-чалавечаму вылучыцца і наколькі велічныя дробязі, каторымі мы так звыкла і настойліва грэбуем.

 

Леў, будучы Лявонцій Стасевіч, нарадзіўся ў Тарнаградзе на Падляшшы, непадалёк ад Белавежскай пушчы, за стагоддзе ад Віскулёў.

 

З сялянскай сям’і, юны, поўны сілаў, беларускі Леў аднойчы крадком увайшоў у Яблачынскі праваслаўны манастыр, быў пастрыжаны ў манахі пад імем Лявонція і ў час Першай сусветнай быў эвакуяваны ў Маскву, быў накіраваны, дарэчы, патрыярхам Ціханам у разрабаваны бальшавікамі Суздаль.

 

Першы раз айца Лявонція арыштавалі ў 1930-м за звон. «Захацеў Госпада звонам праславіць — а звон ужо забаронены быў. Доўга званіў. Спускаюся са званіцы — а мяне ўжо з кайданкамі сустракаюць».

 

Адбыў 3 гады, але як непапраўны святар вынырнуў толькі каўтнуць волі.

 

Царкву ўжо апанавалі застрашаныя чэкістамі «абнаўленцы» ды сергіяне — і ўпартасць антысавецкіх бацюшак і манахаў старога гарту была для іх невыноснай. Даносы… Следства… і ў Караганду.

 

Ужо на пероне некалькі арыштаваных святароў запяялі хорам малітву. У пакаранне вагоны з асуджанымі на некалькі марозных дзён загналі ў тупік. Было шмат замерзлых — і толькі ў вагоне а.Лявонція, які заахвочваў усю ноч маліцца з паклонамі, не загінуў ніхто.

 

Лагернае начальства ўзялося а.Лявонція перавыхоўваць. У ноч на Вялікдзень, напрыклад, а.Стасевіча прывязвалі да вяроўкі і апускалі галавой у прыбіральню. Падымалі і крычалі:

 

— Выракаешся?!

 

А ён ім:

 

— Хрыстос уваскрос, хлопцы…

 

Выйшаў, вярнуўся ў Іванаўскую вобласць. Прызначаны ў аддалены прыход, адкрыта сароміў тых святароў, што дагаджалі ўладзе болей, чым прыха­джанам. І, вядома, дачакаўся трэцяга арышту — за тое, што «тлумачыў рэлігійныя пісанні ў антысавецкім духу». Далі 10 гадоў — у Комі.

 

Ужо 70-гадовым старым айцец Лявонцій выбраўся з ГУЛага ў сяло Міхайлаўскае ўсё той жа Іванаўскай вобласці.

 

Накіраваны ў храм Міхаіла Арханёла, пераможцы д’ябла, што­дня адпраўляў набажэнствы і пешшу абыходзіў усю ваколіцу з трэбамі — спавядаў, прычашчаў, сабораваў… Жыў па-манаску, у пакойчыку, дзе стаялі адно стары жалезны ложак, стол і некалькі зэдлікаў для гасцей. На ананімныя даносы, што сыпаліся з усіх бакоў і на кожны з іх трэба было абавязкова адказваць, айцец Лявонцій пісаў: «Слава Госпаду Богу! Жыў і жыву з братамі ў міры, усім і ўсімі задаволены. Госпад ім суддзя. Скарга не адпавядае праўдзе. Я ні на каго не злуюся».

 

Калі яго, знямоглага, шкадавалі прыхаджане — «Бацюшка, ты ж зусім хворы» — ён адказваў: «У Бога хваробаў няма, гэта грахі нашы хварэюць».

 

Калі ён спаў, людзі не бачылі: адпрацаваўшы дзень, ноччу маліўся. Штодня на памяць прачытваў увесь Псалтыр.

 

Тым, хто прызнаваўся, што не можа адмовіцца ад нейкага грэху, айцец Лявонцій прапаноўваў патрымаць далонь над свечкай, і калі спаведнік з пякучым сіпеннем убіраў руку, бацюшка здзіўляўся: у вечным полымі гарэць збіраешся, а свечкі баішся.

 

Савецкія бацюшкі лагерніка травілі. А людзі сцякаліся ў такой колькасці, што ўладам давялося адмяніць бліжэйшы прыпынак чыгункі — ехалі да яго…

 

Відавочцы згадваюць ашаламляльныя прароцтвы айца Лявонція — і пра лёс ягоных ганіцеляў, і пра смерць патрыярха Алексія, і пра крыніцу, што праб’ецца на вясковых могілках з­пад ягонага ўласнага пахавання. Перад смерцю за апошняй літургіяй айцец Лявонцій радасна падымаў угору аслабелыя рукі: «Да Бога ідзём… да Бога ідзём!»

 

Дарогі беларусаў Стасевічаў за апошнія сто гадоў разбрыліся па ўсім свеце. З гэтага роду — і знакаміты амерыканскі скрыпач, дырыжор Павел Стасевіч, і савецкі і расейскі мастак Аляксандр Стасевіч, і футбаліст мінскага «Дынама» ды зборнай Беларусі Ігар Стасевіч.

 

Але з сучаснікаў найбліжэй да роду айца Лявонція Сяргей Стасевіч з той жа беларускай глыбіні. З-пад Івацэвічаў. Грэка-каталіцкі святар, што скончыў папскі ўніверсітэт святога Тамаша Аквінскага (Анжэлікум) у Рыме, магістар кананічнага права, рэканструюе «Марыйны дом» (Marian House) у Лондане ды будуе там царкву, пераймаючы справу айца Аляксандра Надсана.

 

Два святары-беларусы аднаго кораня, адзін — у глыбіні Расеі, другі — у глыбіні Захаду аддаюць свае жыцці іншым. Як сама Беларусь, распятая на крыжы — ад таго месца, дзе сонца ўзыходзіць, да таго, дзе яно хаваецца ў цемры. Перабіраеш лёсы, бліскучыя ды невядомыя імёны і думаеш: найбольш разбуральным выклікам для змрочных рэжымаў урэшце аказваецца не зброя, палітыка ці культура, а ціхая асабістая святасць.

 

Святасць — гэта калі ты цалкам аддаеш усе сілы, час, волю Богу і людзям, не пакідаючы анічога сабе. Такая святасць перасоўвае горы і перамяшчае краіны — з мінулага ў будучыню.

 

Сцежка Стасевіча на першы пагляд непрыкметная, след ідзе ціхенька, часам пераходзіць на шэпт — але потым высвятляецца, што гісторыя прайшла менавіта гэтым шляхам.

 

Бо гэтым шляхам на зямлі штодня праходзіць Ісус.

Навіны па тэме