Віталь Рымашэўскі: МФХ – памагаты рэжыму Лукашэнкі

08 мая 2013 11:35  |  Галоўныя навіны

Абмежаванне на выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга павінна быць знята цалкам.

 

Такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы сайтуcharter97.org той факт, што заўзятарам дазволяць праносіць нацыянальныя беларускія сцягі на трыбуны, але нельга будзе імі размахваць.

 

«Тое, што цяпер прыняты такі кампрамісны варыянт, выглядае з аднаго боку, як здзек над беларускім дэмакратычным грамадствам, а з другога боку, як саступка грамадзянскаму меркаванню еўрапейцаў і беларусаў. Хацелася б пачуць асабістую рэакцыю Карла Більта на тое, што адбылося. Бо савецкія сцягі можна трымаць разгорнутымі, а бел-чырвона-белы сцяг у чымсьці абмежаваны. Я спадзяюся, што гэта рашэнне перагледзяць, і не будзе ніякай дыскрымінацыі беларускага нацыянальнага сцяга ў Еўропе», – лічыць палітык.

 

Ён падкрэсліў, што спорт ніколі не быў па-за палітыкай.

 

«Усе тыя, хто кажуць, што спорт знаходзіцца па-за палітыкай, альбо хлусяць, альбо не ведаюць рэальнага становішча рэчаў. Абсалютна ўсе дзяржавы вылучаюць сродкі на падтрыманне менавіта прафесійнага спорту для ўзняцця прэстыжу сваёй краіны ў свеце. Лукашэнка як унутры Беларусі, так і за яе межамі выкарыстоўвае беларускі спорт для легалізацыі свайго рэжыму ва ўсім свеце, для рэкламы сваёй сістэмы кіравання і сябе асабіста», – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

Ён упэўнены, што Міжнародная федэрацыя хакея зрабіла вялікія саступкі рэжыму Лукашэнкі, калі пагадзілася на правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі.

 

«Фактычна, МФХ далучылася да рэпрэсій супраць беларускіх дэмакратычных актывістаў, да таго, што робіць АМАП у Беларусі. За бел-чырвона-белыя сцягі людзей хапаюць і збіваюць, і тое ж самае адбывалася на апошніх матчах у Швецыі. Гэта азначае, што на ЧС па хакеі ў Менску будзе яшчэ горш. У дадзеным выпадку рэклама рэжыму будзе пазначаць саўдзел ва ўсіх яго злачынствах, і за гэта будзе несці адказнасць непасрэдна МФХ», – заявіў палітык.

 

Нагадаем, пасля шматлікіх пратэстаў беларускіх і шведскіх актывістаў, праваабаронцаў і палітычных дзеячаў, Міжнародная федэрацыя хакея пайшла на кампраміс. Заўзятарам дазволілі праносіць бел-чырвона-белыя сцягі на трыбуны, але нельга будзе імі размахваць. 5 траўня на матчы Беларусь-Славенія, які праходзіў у Швецыі ў рамках Чэмпіянату свету па хакеі, за спробу развярнуць вялікі бел-чырвона-белы сцяг беларускім заўзятарам мясцовыя паліцэйскія выкруцілі рукі і вывелі іх з арэны.

Болей навін