Пра Захад

13 мая 2013 10:37  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

– Гэта мае прыватныя ўражанні, – калі будуць абвінавачваць у фрагментарнасці, то ня буду спрачацца.

– Ёсць імігранты, у тым ліку беларусы, у якіх уражанні ад Бельгіі і бельгійцаў процілеглыя маім. Часам уражанні процілеглыя і ў людзей з адной і той жа сям’і.

– Калісьці чула фразу пра Японію, што, каб яе зразумець, трэба там некалькі год пажыць. Пажыўшы тры гады ў Бельгіі, лічу, што гэтакжа можна сказаць пра кожную краіну. 

– Чарка і размовы за жыццё з афрыканцамі бываюць такія ж змястоўныя, як і са славянамі. То залежыць ад людзей.

– Файна, што ёсць месцы, дзе людзі з розных куткоў Зямлі жывуць, працуюць, ядуць і п’юць разам, і трэба, каб такія месцы былі. Кантакты падчас турыстычных і іншых паездак – гэта ня тое. 

– Скептычна стаўлюся да размоваў пра духоўны крызіс Захаду. Дакладней, гэта так, толькі ня ведаю, у каго большы духоўны крызіс – мяркую, што ў нас. 

– Так жа скептычна – і да сцвярджэнняў пра недахоп пасіянарнасці ў еўрапейцаў. Столькі тут народу валанцёрамі розныя добрыя справы робіць дый па розных Афрыках з гуманітарнымі мэтамі цягаецца – і хіба пасіянарнасць заўсёды праяўляецца ва ўзброеных захопах?.. 

– Пустыя і паўпустыя храмы – гэта сумна. Але ж і храмаў тут багата. Застаецца спадзявацца, што нашыя цэркаўкі бы не пуставалі, калі бы іх камуністы не разбуралі. 

– Згаджуся з пратаіерэем Георгіем Мітрафанавым: “Аб заходняй цывылизацыі можна сказаць словамі Чэрчыля аб дэмакратыі: заходняя цывілізацыя – вельмі секулярызаваная цывілізацыя, але іншай цывілізацыі, у якой хрысціянскія каштоўнасці ажыццявіліся бы ў такой паўнаце, не існуе!” 

– Праз навязванне рускай мовы савецкі ўрад міжволі зрабіў паслугу цяперашнім эмігрантам з былога СССР – валоданне рускай мовай падвышае колькасць людзей, з якімі можна пагутарыць.

– Пры гэтым душэўна-каштоўнасная блізасць не залежыць ад блізасці рэгіянальнай – часам з чалавекам з другога кутку Зямлі лягчэй паразумецца, чымсі з суседам. Але з людзьмі з постсавецкай прасторы ў нас больш агульная вобласць ведаў. 

– Не магу пасябраваць з чалавекам толькі таму што ён беларус.  

– Расізм (тут так завецца любая ксенафобія) – гэта непрыстойна. Таму адпаведныя выказванні папярэджваюцца завярэннем “я не расіст”. 

– Але расізм ёсць. Праяўляецца ў прыватных размовах і ў выніках галасаванняў. 

– Ёсць тут стр-р-рашныя флямандскія ультраправыя. Але як глянеш выказванні суайчыннікаў у Беларусі, то флямандскія нацыяналісты пададуцца пушыстымі зайкамі. 

– Многія лічаць этнічныя анекдоты за дурны тон. Што праўда, этнічныя жартачкі тут злейшыя, чым у нас. Ёсць і зусім няўяўныя для нас анекдоты пра яўрэяў і канцлагеры. 

– Суайчыннікі, запомніце: слова “негр” можна казаць, толькі калі ты сам… падпадаеш пад гэтае вызначэнне smile:-)

– Розніца паміж беларусамі якія жывуць на Захадзе і беларусамі якія паехалі ў Расію: першыя, прыязжаючы дамоў, жахаюцца ад цяжкасці псіхалагічнай атмасферы ў Беларусі, а другія… адпачываюць у “маленькім утульным Мінску”. 

– Утульна. Свабода, што з Божае ласкі напаўняе заходнееўрапейскае паветра, – яна (у адрозненне ад экстрэмальнага духу вольнае Ўкраіны ці рускай “вольной волюшки”) болей лагодная. 

– Прыемна, што магу, калі хачу, паесці маслінаў. Ем і думаю: “Каўбасная эміграцыя як яна ёсць”. 

– Такі прыемна, што, нават калі буду мыць падлогу, мяне будуць зваць “мадам”. Асабліва прыемна гэта ў святле таго, што пазначанай працай даводзілася займацца.

– Дарэчы, “нават калі буду мыць падлогу” – фразачка з “нашынскага” менталітэту. Тутака ж падобная праца больш паважаецца. Ёю на палову-чвэрць стаўкі часам займаюцца паважныя хатнія гаспадыні, каб больш падзарабіць. 

– Дашчэнту разбурыўся стэрэатып пра нейкую “несапраўднасць” ці недастатковую каларытнасць еўрапейскіх людзей. 

– Што нібыта еўрапейскія жанчыны непрыгожыя – брахня! Дакладней – міф. Створаны мужчынамі, якія прызвычыліся ўспрымаць толькі такі вобраз які славянскія жанчынкі вымушаныя на сабе напяльваць-намалёўваць з-за дэмаграфічнай сітуацыі “дзесяць баб на аднаго мужыка”. 

– У Бельгіі на пікет патрэбны дазвол. Бываюць і праблемы з яго атрыманнем.* 

 – Паліцыя стварае прыемнае ўражанне. Ва ўсялякім разе, пакуль ты законапаслухмяны.

– З хамствам паліцэйскіх, аднак, чалавек з маёй сям’і сутыкнуўся. Але ўсё ж на паліцэйскіх магічна падзейнічалі словы “я маю права”. 

– Французы і бельгійскія франкафоны добра размнажаюцца, тры дзіцёнкі ў сям’і – тут норма. Гэта я для тых, у каго дэмаграфічна-расісцкія апасенні. 

– Супэрнебяспечныя кварталы і іншыя сацыяльныя праблемы – гэта ёсць. 

– Але часам калі спадарства якое не жыве ў Заходняй Еўропе разважае пра этнакультурныя праблемы на Захадзе, то гэта робіцца падобным на адбітак у крывым люстэрку.

– Напрыклад, палохаюцца колькасці каляровых твараў, забываючыся, што большасць гэтых твараў належыць нармалёва адаптаваным у грамадстве людзям. (Змаўчу і пра колькасць бачаных п’яных ці падазорных з выгляду чыстакроўных еўрапейцаў).  

– Наконт песімістычныхт прагнозаў – паглядзім.

– Спадзяюся, што Госпад захавае Еўропу якую мы любім. 

– Спадзяюся, што ў каштоўнаснай барацьбе пераможа ўсё самае светлае, файнае і вясёлае. 

– Хачу вярнуцца. У перспектыве. 

– Ці можа беларус ў замежжы рэалізаваць сабе як беларус? І не, і так.

* Пра нюансы з палітычнымі акцыямі пісала ў артыкуле “Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак” https://bchd.info/index.php?newsid=5865 

Болей навін