Віталь Рымашэўскі: еўрапейцы павінны дакладна разумець, хто ёсць хто ў Беларусі

29 мая 2013 10:49  |  Палітыка

На сесіі Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» прайшло пасяджэнне рабочай групы ў справах Беларусі.

 

У пасяджэнні ўзялі ўдзел супрэзідэнт Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства», былы кіраўнік МЗС Украіны Барыс Тарасюк, старшыня рабочай групы для Беларусі ў Еўранэсце Яцэк Сарыюш-Вольскі, дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента аб Беларусі, аўтарскандальнага дакладу пра сітуацыю ў краіне Юстас Палецкіс, дэпутаты Еўрапарламента ад Польшчы Марэк Сівец і Марэк Мігальскі, дырэктар тэлеканала «Белсат»Агнешка Рамашэўская-Гузы, прадстаўнікі дэлегацый Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Украіны ў Еўранэст.

 

Ад Беларусі ў пасяджэнні ўдзельнічалі: лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет»Валерый Ухналёў, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў і намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі: 

 

«Беларусь павінна быць прадстаўленая ў Еўранэсце і «Усходнім партнёрстве», але не беларускімі ўладамі, бо яны сёння не атаясамліваюць беларускі народ, у краіне няма свабодных выбараў. Тут павінна быць прадстаўленая апазіцыя, грамадзянская супольнасць, незалежныя экспэрты. Улада ў Беларусі зменіцца, і ў першую чаргу – гэта нашая задача. Мы павінны ўжо цяпер будаваць стратэгічныя праекты, распрацоўваць праграмы супольна з Еўразвязам. 

 

Я спрабаваў таксама давесці, што беларускі рэжым сёння бачыць гатоўнасць ЕЗ весці перамовы з грамадзянскай супольнасцю і стварае свае псеўданезалежніцкая арганізацыі, якія пад выглядам грамадзянскай супольнасці або незалежных палітычных партый спрабуюць патрапіць на розныя мерапрыемствы, хоць, напраўду, з’яўляюцца часткай гэтай сістэмы. Мы не павінны гэтага дапусціць. Еўрапейцы павінны дакладна разумець: хто ёсць хто ў Беларусі.

 

Нельга запрашаць на саміт «Усходняга партнёрства» чыноўнікаў з «чорнага спісу». Запрашэнне Макея выкліча здзіўленне, бо ў турмах працягваюць знаходзіцца палітзняволеныя, а ён асабіста прычынны да фальсіфікацый выбараў і да рэпрэсій. Беларусь павінна быць прадстаўленая на саміце «Усходняга партнёрства” ў першую чаргу грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй, бо беларускія ўлады сёння не здольныя нават слухаць, што ім кажа Еўразвяз».

Болей навін