Магілёвец падаў у суд на КДБ

12 чэрвеня 2013 09:07  |  БХД

Алег Аксёнаў падаў скаргу на незаконную дзейнасць управы КДБ Магілёўскай вобласці ў суд Ленінскага раёна Магілёва.

 

Актывіст аргкамітэта для стварэння партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя (БХД) хоча скасаваць вынесенае яму папярэджанне, а таксама прызнаць незаконнай і неабгрунтаванай праведзеную з ім супрацоўнікам спецслужбы прафілактычную размову, піша сайт ПЦ «Вясна».

 

Таксама Алег Аксёнаў (на фота) хоча абавязаць начальніка УКДБ Магілёўскай вобласці Сяргеенку прынесці яму пісьмовыя прабачэнні, а супрацоўніка УКДБ Махунова – вусныя за іх незаконныя дзеянні.

 

Нагадаем, 29 красавіка супрацоўнік КДБ Махуноў выклікаў позвай у будынак КДБ Алега Аксёнава для прафілактычнай гутаркі. Падчас «размовы» Махуноў паведаміў, што актывісту вынесенае папярэджанне «за дзейнасць ад імя незарэгістраванай партыі» – аргкамітэта БХД, а таксама за ўдзел у дзейнасці дзвюх незарэгістраваных у пэўным парадку арганізацый – грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары-2012» і Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл.

 

У якасці довадаў супрацоўнік КДБ Махуноў падаў раздрукоўкі з незалежных сайтаў, дзе згадваліся імя і прозвішча актывіста.

 

На прафілактычным уліку КДБ Алег Аксёнаў знаходзіцца ўжо больш за год. У Магілёве на такім уліку стаяць таксама актывістка БХД Таццяна Шамбалава і лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ «Адраджэньне» Зміцер Салаўёў.

Болей навін