Заява БХД. Аб супрацьдзеянні расейскай акупацыйнай палітыцы і кансалідацыі дэмакратычных сілаў краін Усходняй Еўропы

02 ліпеня 2013 08:21  |  Галоўныя навіны

Нацыянальная Рада Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі прыняла заяву, у якой асудзіла размяшчэнне ў Беларусі расейскай вайсковай базы і заклікала дэмакратычныя сілы Еўропы да кансалідацыі ў супрацьстаянні шавіністычным планам Крамля па рэанімацыі СССР.

 

Заява Нацыянальнай Рады Беларуская Хрысціянскай Дэмакратыі

 

Аб супрацьдзеянні расейскай акупацыйнай палітыцы і кансалідацыі дэмакратычных сілаў краін Усходняй Еўропы

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты рашуча асуджаюць размяшчэнне расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі як дзеянне, якое супярэчыць палажэнням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і накіраванае супраць нацыянальных інтарэсаў.

 

 

Мы заяўляем:

 

Шматлікія спробы рэанімацыі імперскай шавіністычнай палітыкі з боку кіруючых расейскіх колаў і залежных ад іх палітычных сілаў ва ўрадах суседніх постсавецкіх дзяржаў нясуць пагрозу культурнай, эканамічнай і палітычнай незалежнасці народаў Усходняй Еўропы і супярэчыць нацыянальным інтарэсам усходне-еўрапейскіх краін.

 

Спроба адрадзіць палітыку часоў СССР і ўсталяваць аўтарытарную форму кіравання як агульнапрынятую норму для краін Усходняй Еўропы нясе ў сабе не толькі пагрозу для мірнага і шчаснага існавання народаў гэтых краін, але і пагражае міру і стабільнаму развіццю ўсёй Еўропы.

 

Геапалітычная пагроза, якая ўвасабляецца ў вайсковых нападах на суседнія краіны (фактычная акупацыя Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, эскалацыя канфлікту ў Прыднястроўі), размяшчэнні расейскіх вайсковых баз на тэрыторыях іншых краін, спробах стварэння Еўразійскага саюзу як рэанімацыі СССР, патрабуе кансалідаванага адказу ўсіх еўрапейскіх дэмакратычных сілаў.

 

Для эфектыўнага супрацьстаяння шавіністычным планам Крамля аўтарытарызму, які ўзмацняецца ў рэгіёне Усходняй Еўропы, неабходна яднанне дэмакратычных сіл краін Усходняй Еўропы, у першую чаргу, краін-удзельніц праграмы “Усходняе партнёрства” – Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджану.

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты заклікаюць да супрацоўніцтва ўсе дэмакратычныя сілы краін Усходняй Еўропы для абароны дэмакратыі і правоў чалавека, нацыянальных культур, эканамічнай і палітычнай незалежнасці нашых краін.

 

Мы заклікаем дэмакратычныя партыі да арганізацыі стала дзейснай пляцоўкі для супрацы, правядзення сумесных палітычных і грамадскіх кампаній у рэгіёне.

 

У якасці першага этапу, на працягу 2013 году, мы прапануем арганізаваць супольны Усходнееўрапейскі Дэмакратычны Форум, які мусіць зацвердзіць асноўныя супольныя задачы і планы правядзення супольных кампаній ў абарону незалежнасці і дэмакратыі краін Усходняй Еўропы ад расейскай экспансіі. 

Болей навін