Палігон для смецця – каравай для нашчадкаў (фота)

03 ліпеня 2013 09:41  |  Рада Народных Дэпутатаў

У межах кампаніі Рада Народных Дэпутатаў віцебскія актывісты аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” распачалі шчыльнае вывучэнне праблемы будаўніцтва смеццепераапрацоўчага комплексу пад Віцебскам.

 

Распавядае Крысціна Авакумава, сябра БХД, Віцебск:

 

“Віцебск можа пахваліцца самым вялізным тортам вышынёй ў 30 метраў. Гатавалі гэты каравай больш за 40 гадоў усе жыхары абласнога цэнтра. Знаходзіцца ён ля пасёлка Білева і аднаіменных мікрараёнаў горада. За сёлетні год плануюць павялічыць яго памеры яшчэ на 800 тысяч тон – менавіта столькі смецця вывозяць штогод на палігон.

 

Робіцца тут усё, як прапісана ў рацэпце: пласт смецця, пласт пяску, потым утрамбоўка, і зноў усё паўтараецца, але такія прысмакі могуць кепска паўплываць на здароўе жыхароў. Там няспынна ўсё закісае, збіраюцца газы, а машыны ўсё ідуць і ідуць з гораду. Ужо некалькі год таму планавалі закрыць палігон, бо ён вельмі перагружаны рознымі інгрыдыентамі. І з кожным днём іх становіцца ўсё больш. Хаця часткова вядзецца пераборка смецця: выбіраюць паперу, шкло, пластык, але ніхто не можа даць гарантыі, што такія пірагі аднойчы не паўплываюць адмоўна на грунтавыя воды і паветра.

 

Каб знізіць небяспеку, на смеццевым палігоне запусцілі шведскую ўстаноўку па перапрацоўцы біялагічнага газа ў электрычнасць. Працаўнікі палігону задаволеныя, таму што ўзровень бяспекі павышаецца амаль напалову — значная частка біялагічнага газа спальваецца.

 

На сённяшні дзень працаунікоў хвалюе запланаваны пераезд сметніка на новы палігон у раёне Копці-Касачы. Але ёсць у пераездзе і станоўчае – яны спадзяюцца, што там будзе лепшая інфраструктура.

 

Праблема захоўвання смецця вельмі востра стаіць ва ўсёй краіне. У рэспубліцы было запланавана пабудаваць шэсць смеццеперапрацоўчых камбінатаў , але на сённяшні дзень ёсць толькі адзін — у Наваполацку.

 

Ля Віцебска такі павінен быў з’явіцца ў 2011 годзе. Зараз нават і гаворкі пра гэта няма, затое распрацоўваецца новы палігон для сметніка. Такое “вырашэнне” пытання не здымае старых праблем: новы сметнік будзе шкодзіць экалогіі не менш, толькі ўжо ў іншым месцы. Да таго ж, дзеля яго распрацоўкі прыйдзецца знішчыць шмат лесу.

 

Няўжо наша краіна занадта багатая?Дык багатыя людзі і краіны лічаць свае грошы, і не закопваюць іх у сметнік. А можа тыя, ад каго залежыць пабудова перапрацоўчага камбіната, дарма праядаюць нашы грошы і праціраюць свае штаны на зручных крэслах? Ці яны лічаць, што вырабіць новы сметнікавы пірог лягчэй? А каму давядзецца яго спажываць – аб гэтым яны не думаюць”. 

 

Палігон для смецця - каравай для нашчадкаў (фота)Палігон для смецця - каравай для нашчадкаў (фота)Палігон для смецця - каравай для нашчадкаў (фота)Палігон для смецця - каравай для нашчадкаў (фота)Палігон для смецця - каравай для нашчадкаў (фота)Палігон для смецця - каравай для нашчадкаў (фота)Палігон для смецця - каравай для нашчадкаў (фота)Палігон для смецця - каравай для нашчадкаў (фота)

Болей навін