Рада Народных Дэпутатаў: у Берасці і Пінску ўлады адмаўляюцца рамантаваць вуліцы (фота)

10.07.2013, 12:51  |  Галоўныя навіны, Рада Народных Дэпутатаў, Палітыка

Актывісты аргкамітэты па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" атрымалі адказы на калектыўныя звароты, якія былі скіраваныя ў межах кампаніі "Рада Народных Дэпутатаў" з просьбай рамонту вуліц Падгародская ў Берасці і Берасцейская ў Пінску.

 

Абодва адказы з Берасцейскага і Пінскага гарвыканкамаў амаль ідэнтычныя. У іх гарадскія ўлады заяўляюць, што рамонт адзначаных вуліц у 2013 годзе зроблены быць не можа, паколькі на гэта не хапае фінансавання.

 

"Дадзенае пытанне будзе разглядацца пры штогадовым фармаванні аналагічных праграм, зыходзячы зз умоваў абмежаванай наяўнасці крыніцаў фінансавання", - паведамілі ў Берасцейскім гарвыканкаме.

 

Разам з тым адказ пінскіх уладаў больш абнадзейвае. "У бягучым годзе плануецца распрацаваць праектна-каштарысную дакументацыю на рэканструкцыю вуліцы Берасцейскай ад плошчы Леніна да разваротнай пляцоўкі", - адзначаюць яны ў адказ на калектыўны зварот.

 

Разам з тым берасцейскія і іпінскія актывісты БХД плануюць далей працягваць сваю ініцыятыву ў межах кампаніі Рада Народных Дэпутатаў, пакуль не дамогуцца вырашэння пытання.

 

Нагадаем, у Пінску мясцовыя актывісты БХД у межах кампаніі Рада Народных Дэпутатаў сабралі каля 80 подпісаў за капітальны рамонт вуліцы Берасцейская. Як паведаміў ініцыятар збору подпісаў, сябар аргкамітэту БХД Сяргей Сухаверхі, вуліца вельмі моцна пацярпела падчас зімы. Пасля адлігі дзіры на вуліцы спрабавалі неяк латаць, але выніку гэта не дало.

 

А ў Берасці актывісты БХД у рамках ініцыятывы Рада народных дэпутатаў распачалі кампанію за добраўпарадкаванне вуліцы Падгародская Маскоўскага раёна. 84 грамадзяніна звярнуліся з калектыўным зваротам да кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Рагачука А. С. з прапановай пакласці асфальтнае пакрыццё на дарогу па вуліцы Падгародская і зрабіць тратуары для руху пешаходаў.

 

Рада Народных Дэпутатаў: у Берасці і Пінску ўлады адмаўляюцца рамантаваць вуліцы (фота)Рада Народных Дэпутатаў: у Берасці і Пінску ўлады адмаўляюцца рамантаваць вуліцы (фота)

Навіны па тэме