Масты: народныя дэпутаты змагаюцца за месцы для адпачынку сем’яў

19.07.2013, 10:23  |  Рада Народных Дэпутатаў, Грамадства

Народны дэпутат Наталля Касцюкова разам з яшчэ 55 грамадзянамі патрабуе навесці парадак на вадаёме, дзе звычайна ў летнюю спёку адпачываюць мастоўскія сем’і з дзецьмі. Актывісты накіравалі калектыўную скаргу мясцовым органам улады на дзеянні камунальных служб, якія адказныя за ўтрыманне вадаёма. 

 

Як зазначаецца ў лісце да старшыні Мастоўскага райвыканакама і Мастоўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, “утрыманне вадаёма ў мікрараёне не адпавядае санітарна-тэхнічным нормам”. Актывісты звяртаюць увагу, што камунальнікі не даглядаюць гэтае возера, што прывяло да яго “засмечвання, зарастання берагоў і з'яўлення мікраводарасцей, абмялення, а таксама размнажэння камароў”.

 

Наталля Касцюкова падкрэслівае: “Як, хрысціянскія дэмакраты, мы адстойваем у першую чаргу інтарэсы сем’яў і дзяцей. У летні перыяд асабліва востра стаіць пытанне пра найбольш поўнае выкарыстанне мясцовых рэсурсаў для адпачынку. Гэта дае магчымасць забяспечыць сем’і паўнавартасным адпачынкам у межах горада. Вадаём па вул. Будаўнікоў знаходзіцца ў густанаселеным маладым мікрараёне горада, дзе пражывае вялікая колькасць маладых сем'яў з дзецьмі. Побач размешчаны некалькі адукацыйных ўстановы: два дзіцячыя садкі і сярэдняя школа № 5. Аднак добраўпарадкаваныя рэкрэацыйныя зоны для адпачынку гараджан у дадзеным мікрараёне адсутнічаюць”.

 

Актывісты кампаніі прапануюць мясцовым уладам “запланаваць і выканаць у бліжэйшы месяц мерапрыемствы па барацьбе з зарастаннем берагоў і папярэджанню выплада камароў, ўборцы смецця на вадаёме, а таксама стварыць рэкрэацыйную зону і добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол вадаёма па вул. Будаўнікоў з устаноўкай дадатковых лавачак і іншых аб'ектаў для адпачынку сем’яў”.

Навіны па тэме