Віталь Рымашэўскі: «Каталіцкага шпіёна» выкарыстоўваюць для шантажу Ватыкана

01 жніўня 2013 09:06  |  Палітыка

Лукашэнка дамагаецца саступак Захаду з дапамогай ціску на Каталіцкую царкву.

 

Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД)Віталь Рымашэўскі, каментуючы сайту charter97.org арышт «каталіцкага шпіёна».

 

«Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што каталіцкі касцёл ён разглядае, як адзін з інструментаў свайго ўплыву на Захадзе. І тут схема дзеяння простая. Напрыклад, на польскую меншасць у Беларусі аказваецца ціск для таго, каб потым, прыслабіўшы градус рэпрэсій, выдаць гэта за пацяпленне ў выніку прагматычнага гандлю. Я думаю, што тут адбываецца тое ж самае», – лічыць палітык.

 

Ён падкрэсліў, што перш, чым пайсці на саступкі, беларускаму кіраўніку трэба націснуць на каталікоў.

 

«Я перакананы, што беларускі рэжым не толькі можа, але і будзе выкарыстоўваць «каталіцкага шпіёна» для шантажу Ватыкана, які лабіруе інтарэсы Лукашэнкі на Захадзе. Іншая справа, што пасля справы Андрэя Гайдукова шматлікія беларускія спецслужбы імкнуцца паказаць гаспадару сваю патрэбнасць. Таму прафесіяналізму няма, шпіёны прыцягваюцца з паветра. Мы ўжо мелі магчымасць гэта назіраць на прыкладзе «шпіёнскай справы». Улічваючы «прафесіяналізм» нашых спецслужбаў пасля каталіцкага шпіёна варта чакаць марсіянскага», – адзначыў сустаршыня БХД.

 

Ён не выключае, што фраза пра пайманне «каталіцкага шпіёна» можа быць рэверансам у бок Расеі перад святкаваннем 1025-годдзя хрышчэння Кіеўскай Русі.

 

«Я б не сказаў, што гэта рэверанс ўсёй Рускай Праваслаўнай царкве, але пуцінскі рэжым моцна звязвае сваю знешнюю палітыку з уплывам на Царкву, а расейскі шавінізм будуе сваю ідэалогію ў значнай меры на Праваслаўнай царкве. Я б не абагульняў наконт усіх праваслаўных. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі гэта экзархат, а не аўтаномная царква, служыць яна, у першую чаргу, беларускаму народу. Вельмі важна гэта разумець. Нельга ўсіх браць пад адзін грабянец, робячы з царквы ворага», – заявіў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін