Намдырэктара Дэпартаменту веткантролю: план барацьбы з АЧС – дзяржтаямніца

09 жніўня 2013 09:04  |  Галоўныя навіны

Намеснік дырэктара Дэпартаменту ветэрынарнага кантролю Мінсельгасхарча Беларусі Аляксандр Куцко падчас сустрэчы 8 жніўня з сябрам БХД, прадстаўніком гаспадароў-фермераў з Пружанскага раёна Міхасём Новікам адмовіўся раскрыць план дзеянняў уладаў па барацьбе з афрыканскай чумой свінняў. Паводле яго словаў, гэта дзяржаўная таямніца. Што ў гэтым можа быць таямнічага чыноўнік сказаць не змог.

 

Гутарка адбылася пасля круглага стала па праблеме АЧС, які быў ініцыяваны БХД і па выніках якога у Мінсельгасхарч быў перададзены зварот,  у якім патрабуецца празрыстасць дзеянняў уладаў падчас барацьбы з АЧС, рынкавая кампенсацыя сялянскім і фермерскім гаспадаркам за знішчанае пагалоўе свінняў, а таксама пакаранне вінаватых у тым, што праблема АЧС набыла такія маштабы.

 

Разам з тым ён адзначыў, што кожны дзень вынікі барацьбы з АЧС падаюцца ў выглядзе справаздачы Аляксандру Лукашэнку, які трымае сітуацыю на асабістым кантролі. Гэта, маўляў, ёсць доказам таго, што фермерам і сялянам няма чаго хвалявацца. А значыць, сказаў ён, людзі павінны падтрымліваць дзеянні ўладаў.

 

Аляксандр Куцко таксама паведаміў, што ўлады працягнуць знішчаць свіное пагалоўе ў прыватных гаспадарках, каб гарантаваць бяспеку свінакомплексаў. Паводле яго словаў, у прыватных гаспадарках складаней кантраляваць эпідэміялагічную сітуацыю, у той час як свінакомплексы прыносяць грошы ў бюджэт. З заўвагай, што менавіта на свінакомплексах часцей і болей паміраюць свінні, ён не пагадзіўся. Чыноўнік таксама заявіў, што ўлады не будуць пераносіць свінакомплексы, пабудаваныя насуперак санітарным нормам заблізка да сялянскіх гаспадарак, бо гэта вельмі дорага і шмат грошаў у іх ужо ўкладзена.

 

Апроч таго, Аляксандр Куцко заявіў, што кампенсацыя, якую дзяржава выплочвае сялянам за знішчаных свінняў, вельмі добрая. На заўвагу, што гэта ў некалькі разоў менш за тое, што маглі б атрымаць сяляне за незабітых свінняў, ён не прарэагаваў.

 

Чыноўнік таксама паведаміў, што зараз з тэрыторыі Літвы на Беларусь можа прыйсці хвароба, небяспечная ўжо для буйнога рагатага быдла. Аднак, заверыў ён, вынішчэнне кароваў не плануецца.

 

У сваю чаргу Міхась Новікаў у інтэрвію прэс-службе БХД заявіў, што з паводзінаў Аляксандра Куцко было бачна, што ўлады баяцца “простых людзей”. “Толькі масавы народны супраціў можа на іх паўплываць. Трэба на гэта абапірацца”, – сказаў ён.

Болей навін