Дзяніс Садоўскі: акругаў для назірання на ўсіх хопіць

19.09.2013, 13:37  |  Галоўныя навіны, Палітыка

У кастрычніку кампанія «Права выбару» прадстаўляе свой сайт. Аб гэтым 19 верасня ў Мінску паведаміў прадстаўнік сакратарыята кампаніі, адказны сакратар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі. 

 

Кампанія «Права выбару» - правапераемнік кампаніі «За справядлівыя выбары», якая дзейнічае з 2008 года. «Мы правялі рэбрэндынг кампаніі, памянялі фокус увагі», - адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

 

«Права выбару» сёння - гэта БСДП (Грамада), Партыя БНФ, рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», партыя «Зялёныя», аргкамітэты Партыі свабоды і прагрэсу і БХД. Як адзначыў Ігар Лялькоў, гэта прыкладна 85% партый і арганізацый, якія ўдзельнічалі ў назіранні ў мінулыя гады.

 

«Права выбару» не збіраецца ствараць новыя структуры - назіранне арганізуецца на аснове каманд кандыдатаў і толькі там, дзе ідуць дэмакратычныя кандыдаты. «Права выбару" выставіць на мясцовыя выбары каля 1500 назіральнікаў, якія будуць сачыць за кампаніяй ўсіх дэмакратычных кандыдатаў. Усе сем суб'ектаў кампаніі «Права выбару» маюць намер вылучаць сваіх кандыдатаў.

 

Дарэчы, 22 верасня ў Мінск адбудзецца ўстаноўчы сход кампаніі «За справядлівыя выбары дзеля лепшага жыцьця", касцяком якой сталі Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і АГП.

 

«З АГП і "Справядлівым светам" з вясны вяліся перамовы аб уступленні ў кампанію. На дадзены момант іх няма ў спісе сямі суб'ектаў кампаніі «Права выбару». Спадзяемся, у хуткім часе яны з'явяцца. Мы не ствараем новую кааліцыю, мы кампанія, галоўны прынцып якой - аб'яднанне ў дзеянні», - падкрэсліў Ігар Лялькоў.

 

«Кампанія назірання не з'яўляецца падставай для раз'яднання апазіцыі. Тым больш, акругаў на ўсіх хопіць», - дадаў Дзяніс Садоўскі.

Навіны па тэме