У Канадзе аднавілі беларускі Эўфрасіньнеўскі крыж

30.09.2013, 12:01  |  Навіны » Свет

У суботу 28 верасьня беларусы Канады сабраліся ў Прошчы Пакутнікаў (Martyrs’ Shrine) каля антарыйскага гораду Мідлэнд, каб аднавіць Беларускі Эўфрасіньнеўскі Крыж. Крыж быў упершыню пастаўлены прадстаўнікамі беларускай дыяспары з усяго сьвету ў 1988 годзе у памяць 1000-годзьдзя хрысьціянства ў Беларусі.

Арганізатарамі і галоўнымі фундатарамі гэтага праекту былі Вінцук і Раіса Жук-Грышкевічы, на ўрачыстае адкрыцьцё Крыжа прыяжджала Натальля Арсеньнева, якая прысьвяціла Беларускаму Крыжу ў Мідлэндзе адзін з сваіх вершаў.

У гэтым годзе Крыж давялося дэмантаваць, бо за 25 гадоў драўніна, зь якой ён быў зроблены, спарахнела дарэшты. Дзякуючы ахвяраваньням беларускай грамады Канады, Амэрыкі й Беларусі і працы рук Юркі Шаўчэнкі, на сьвята Узьвіжаньня паўстаў новы чатырохмэтровы Крыж. Падчас урачыстай службы Крыж асьвяціў япіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Сьвятаслаў. Напрыканцы службы беларусы Канады прасьпявалі традыцыйны гімн "Магутны Божа".

Крыж увасабляе надзею беларускай грамады на вызваленьне й адраджэньне вольнай Бацькаўшчыны, што, на жаль, ня страціла актуальнасьці й сёньня. Першы Крыж быў пастаўлены пакаленьнем паваенных эмігрантаў, сёньня новае пакаленьне беларусаў Канады пацьвердзіла сваю адданасьць справе Беларушчыны.

Навіны па тэме