Беларуская глыбіня. Сведчанне Лазара

14.10.2013, 07:41  |  Галоўныя навіны, Жывая кніга Паўла Севярынца, Палітыка, Грамадства

Яі ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне,
але сказаў гэта для народа,
які тут стаіць, каб паверылі,
што Ты паслаў Мяне.
Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам:
Лазар! Выходзь.
Яна 11:42­43

 

У «Злачынстве і пакаранні» глыбіннага беларуса Дастаеўскага ёсць ключавая сцэна— блудніца Соня і забойца Раскольнікаў уначы, у пакоі з нізкай столлю пры свечцы чытаюць біблейскую гісторыю пра Лазара. Евангелле выварочвае душу, злачынца каецца— і пачынае шлях да выкуплення.

 

Ісус уваскрэсіў Лазара ў прысутнасці вялікай колькасці сведкаў на чацвёрты дзень пасля смерці, калі цела, пакладзенае ў пячоры, ужо пачало гніць і смярдзець. Многія паверылі ў Бога праз гэты цуд— але начальнікі народа менавіта тады канчаткова пастанавілі Яго забіць.

 

Лёгка ўявіць: для ксяндза Уладзіслава, які ўжо каторы месяц трывае ў пячоры турмы КДБ, адзінаццаты падраздзел Евангелля паводле Яна адна з улюбёных.

 

Так шмат знакаў…Лазар— проста скразіць.

 

Тут ёсць і дзве сястры, Яніна і Ірына, якія, нібы Марта і Марыя, плачуць ды моляцца за брата, і вернікі, якія смуткуюць, і, вядома, начальства, якое лепш за ўсіх ведае: калі Бог раптам пачынае тварыць цуды, трэба прымаць меры.

 

…І цяжкое, напружанае маўчанне надае яшчэ большае падабенства евангельскай гісторыі: маўчаць, быццам па памерлым.

 

Менавіта ў доме Лазара, дзе ягоная сястра Марыя памазала Госпада каштоўным мірам, выціраючы ўласнымі валасамі перад укрыжаваннем, сэрца апостала Юды разадрала здрада.

 

Містыка справы Лазара прымушае стойваць дыханне: неўзабаве пасля ўваскрашэння пахаванага— уваход у Ерусалім.

 

Чаму Ісус так доўга чакаў, чаму не ішоў дапамагчы сябру ў смяротнай хваробе? Марудзіў, пакуль Лазар не памрэ, пакуль сваякі не адчуюць страты, пакуль не пераканаюцца вучні…

 

Цяжка пазбыцца пачуцця, што і зараз Госпад чакае, кабдайшло.

 

Каменная пячора сталінскіх часоў, куды перад смерцю памяшчалі беларускіх святароў, паэтаў і дзеячаў,— у самым цэнтры сталіцы. Вось ужо тры гады менавіта яна— скрыжаванне малітваў і чаканняў, сэрца страху і пакутлівай адзіноты, у якім штодня чуюцца званы Архікатэдральнага касцёла Найвялікшай Панны Марыі з плошчы Волі.

 

Што хоча сказаць Ён сёння нам, беларусам, праз самоту Лазара?

 

Акуратны, яшчэ ў школе празваны «Панічом» за бездакорны выгляд, Уладзімір паступіў у семінарыю і стаў ксяндзом Уладзіславам. Спадчыну, сабраную для яго матуляй у залатых упрыгожаннях, абмяняў на грошы і ўклаў у будаўніцтва касцёла ў Мар’інай Горцы, куды накіравалі служыць. Адпанічане засталося і следу: сам праводзіў на касцельны падворак ваду, вазіў тачкамі зямлю, высаджваў кветкі…

Даводзілася самому латаць сваю адзіную куртку— усе грошы, заробленыя ці ахвяраваныя, ішлі на парафію, добраўпарадкаванне ці святочныя падарункі дзецям.

 

«Мы гэтага ксяндза атрымалі з неба»,— казалі мар’інагорскія парафіяне.

 

 

У мінскую Катэдру, дзе малады ксёндз Уладзіслаў казаў па­беларуску, шмат хто прыходзіў адмыслова, каб паслухаць ягоную навуку.

 

Не баяўся казаць праўду. За гэта многія яго і ненавідзелі.

 

Арышттакогаксяндза— выклік Касцёлу ў гэткай жа ступені, у якой арышт гендырэктара «Уралкалія»— выклік Расіі, а палітвязні Плошчы— Еўропе.

 

Больш за тое, справа Лазара— выпрабаванне для ўсёй Царквы. Хопіць маўчаць пра тое, што творыцца ў краіне,— вось, зло ўжо прыйшло па цябе.

 

Госпад дапускае, каб праз пакуты і боль аднаго ўвесь Касцёл зразумеў: калі сапраўды стаіш на каленях перад Богам, а не перад дыктатарам— чакай палітычнага абвінавачвання ў замаху на царскую ўладу, абвінавачвання, вынесенага Самому Хрысту. Тутэйшаму Пілату абавязкова падкажуць: «Калі адпусціш яго— ты не сябар кесару».

 

Год таму дзясяткі тысячаў евангельскіх вернікаў па ўсёй Беларусі маліліся за пратэстанта Змітра Дашкевіча, зняважанага начальнікам Мазырскай калоніі. Царква запатрабавала спыніць здзек; дзеля аднаго з’ядналіся ўсе. Тады рэжым адступіў, Змітра пакінулі ў спакоі і перавялі.

 

Логіка зла няўмольная: спроба прыняць яго як норму, зрабіць выгляд, што «так і трэба», або дамовіцца вядзе да паразы дабра. Непрыняцце зла, якое выявіў Ісус,— адзінае выйсце, але куды яно вядзе, мы ўжо дзве тысячы гадоў ведаем. Яно вядзе на крыж.

 

Увогуле, найлепшыя беларускія ксяндзы гнілі ў турмах за праўду і краіну ўсё апошняе стагоддзе: і заснавальнік БХД Вінцэнт Гадлеўскі, што абураў улады беларускімі казанямі ў Жодзішках, і Казімір Свёнтак, абвінавачаны ў тым жа шпіянажы, і Станіслаў Лазар, пробашч Пружанскага, а потым і Берасцейскага касцёлаў, арыштаваны за прысутнасць на імшы школьнікаў ды крытыку калгасаў.

 

Зразумела, пасля справы Гайдукова веры ў «шпіянаж» ксяндза Уладзіслава няма.

 

Зразумела, родным і вернікам «хто трэба» ўвесь час падказвае, што агалоска шкодная, ціха­ціха, абы чаго горшага не было.

 

Ксяндзы і вернікі перашэптваюцца.Справа Лазараўваскрашае ідэю актыўнай палітычнай каталіцкай сілы, якой была легендарная Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 1920—30­х.

 

Штодня званы ад Катэдры б’юць, прабіваюцца ва ўнутраны двор КДБ— іх чуваць у кожнай камеры «амерыканкі».

 

Ведай, кожны каталік, кожны хрысціянін,— гэты звон звоніць па табе.

 

Бо дзеля таго, каб Ісус вызваліў Лазара з затхлай пячоры, Марце трэба было паклікаць ды выйсці сустрэць Яго, Марыі: маліцца і верыць, вучням— быць побач, разам, а народу, які сабраўся суцяшаць сёстраў,— адваліць ад пячоры камень.

 

— Лазар! Выходзь.

 

І тады хай замірае ды ахае люд, хай фарысеі да болю заплюшчваюць вочы і хай глядзіць уся краіна, як пад перазвон званоў з плошчы Волі вызваляе Бог.

 

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме