Павел Севярынец: зараз вырашаецца, якой быць Беларусі

20 кастрычніка 2013 13:54  |  Палітыка

У Беларусі надыйшоў час з’яўлення новага пакалення нацыянальнай моладзі. “І я спадзяюся, што яго назавуць пакаленнем Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў у гонар арганізацыі, якая стала на чале гэтага пакалення”, – адзначыў 20 кастрычніка на з’ездзе МХД сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец.
 
“Сёння вырашаецца, якой быць Беларусі: ці быць незалежнай, ці заставацца ў складзе Расеі, ці знікнуць з мапы свету. І вам вырашаць, якой ёй быць”, – падкрэсліў ён, заявіўшы, што каштоўнасны падмурак важнейшы за вонкавую форму, якая ёсць другаснай.
 
“Ці дазволілі мы Ісусу Хрысту выявіцца ў кожным з нас і ва ўсёй Беларусі. Мы павінны супрацьпаставіць любоў і веру супраць хлусні і нянавісці, што пануюць у Беларусі. Сёння ў Беларусі мяжа праходзіць не столькі па пытаннях геапалітыкі (за ці супраць Расеі), асобаў (за ці супраць Лукашэнкі), а ў сэрцах людзей. Мы мусім змагацца любоў з нянавісцю, свабодай з несвабодай, праўдай з хлуснёй. І менавіта на гэтай мяжы вызначаецца будучыня Беларусі”, – адзначыў сустаршыня БХД.
 
“Калі мы адкрытыя да Бога, тады Бог змяняе нас, а праз нас – краіну. Гэта проста, але нялёгка. І я спадзяюся, што МХД стане той арганізацыяй, рухам і сілай, якая нараджае лідараў, што сваім прыкладам, аддаючы сябе Беларусі, будуць будаваць Беларусь”, – сказаў Павел Севярынец.

Болей навін