Жыхары Асіповіцкага раёна пратэстуюць супраць ліквідацыі Свіслацкага сельсавету

29.10.2013, 11:15  |  Рада Народных Дэпутатаў, Палітыка, Грамадства

Жыхары Асіповіцкага раёна пратэстуюць супраць ліквідацыі Свіслацкага сельсавету

 

У Асіповіцкім раёне мясцовыя жыхары пратэстуюць супраць магчымай ліквідацыі Свіслацкага сельсавету і далучэння яго тэрыторый да Ліпеньскага і Ясеньскага сельсавету. Адпаведная прапанова асіповіцкіх уладаў была надрукаваная ў газеце "Асіповіцкі край" за 11 кастрычніка.

 

Супраць такога рашэння ужо падпісаліся 330 чалавек з самой Свіслачы і суседніх вёсак, паведаміла каардынатарка аргкамітэту па стварэнні Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Ніна Сакава.

 

Рашэнне аб прывязцы тэрытоыі сельсавету да сяльгаспрадпрыемства "Белшына-агра" сяляне лічаць недарэчным, а прапанову скасавання сельсавету – непісьменнай. У звароце да старшыні Асіповіцкага райвыканкаму, адзначаецца, што мноства прадпрыемстваў на тэрыторыі сельсавету ніяк незвязаныя з "Белшына-агра", у той час як многія жыхары Свіслачы і наваколля працуюць на шклозаводзе ў Ялізаве.

 

Больш за тое, адначаюць падпісанты, менавіта дзеянні ўладаў па скасаванні шэрагу прадпрыемстваў, сталовак, крамаў, шпіталю спрыялі знішчэнню інфраструктуры Свіслачы і адтоку мясцовага насельніцтва.У той час, як прапановы сялянаў (у тым ліку і Ніны Сакавай) па адраджэнні Свіслачы (стварэнні Цэнтру экалагічнай эстэтыкі, пабудове мосту праз Бярэзіну, адраджэнню гістарычнай памяці і гэтак далей) паспрыялі б стварэнню новых працоўных месцаў і новаму росквіту сталіцы былога Свіслацкага княства.

 

"Гледзячы на тое, што адбываецца сёння, складваецца ўражанне, што нашу Свіслач і наваколле папросту хочуць сцерці з мапы Беларусі. Найбагацейшы гістарычны пласт засыпаецца паўпраўдай, увесь час перакрайваюцца факты… Памяць – наш аргумент на карысць жыцця людзей", - падкрэсліваецца ў звароце.

Навіны па тэме