Севярынец параўнаў праблему афрыканскай чумы свіней з зацяжной вайной (відэа)

14 лістапада 2013 08:05  |  Галоўныя навіны

Грамадская каардынацыйная рада па барацьбе з афрыканскай чумой свіней (АЧС)
мае намер звярнуцца ў прадстаўніцтва Еўрасаюза з нагоды метадаў ліквідацыі
гэтага захворвання ў Беларусі, перадае БелаПАН.

 

Як паведаміў журналістам у Мінску
сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»
Павел Севярынец 13 лістапада,
напярэдадні чарговага пасяджэння Рады, за час эпідэміі АЧС ў Раду звярнуліся дзесяткі ўладальнікаў
падсобных гаспадарак і фермераў, якія атрымалі ад арганізацыі юрыдычную
дапамогу, якімтаксама дапамаглі абараніцца ад нападак «троек» – ветэрынара, участковага
міліцыянта і прадстаўніка райвыканкама.

 

Паводле яго слоў, Рада па барацьбе з АЧС спрабуе дапамагчы
некалькім дзясяткам фермераў, якія адчуваюць ціск з боку судовых выканаўцаў,
участковых інспектараў, прадстаўнікоў мясцовай улады пасля адмовы знішчаць
сваіх жывёл. «Улада пераводзіць гэтую
праблему ў стан зацяжной вайны. Ясна, што, як і ў любой зацяжной ці партызанскай вайне, беларусам патрэбная дапамога, і мы
стараемся яе аказаць », – падкрэсліў Севярынец.

 

Ён адзначыў, што ў сувязі з нядаўняй інфармацыяй
аб выдзяленні Еўрасаюзам сродкаў на барацьбу з АЧС ў Беларусі Рада мае намер прапанаваць Еўракамісіі пачаць
маніторынг сітуацыі з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці. «Каб еўрапейцы ведалі,
якім чынам выдаткоўваюцца іх сродкі і ці выконваюцца пры гэтым правы грамадзян»,
– патлумачыў Севярынец.

 

«Калі сродкі ЕС выдаткоўваюцца на паліва
для ўчастковых і ветэрынараў з боку райвыканкамаў, якія прыязджаюць і ўсыпляюць
свіней, то гэта не вырашэнне праблемы. Еўрапейцы павінны гэта разумець, –
падкрэсліў сустаршыня БХД. – Знішчэнне свіней у сялянскіх гаспадарках не
прывядзе да ліквідацыі свіной чумы ў Беларусі – вялізныя свінакомплексы
стаяць, дзікія кабаны бегаюць».

 

Болей навін