Меркель: Паглыбленне супрацоўніцтва з Беларуссю магчымае толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў

20.11.2013, 13:32  |  Свет, Палітыка

Паглыбленне супрацоўніцтва з Беларуссю магчымае толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, заявіла канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, выступаючы 19 лістапада ў бундэстагу з нагоды саміту Усходняга партнёрства ў Вільні (28-29 лістапада).
 
«Беларусь была і застаецца самай складанай тэмай ва Усходнім партнёрстве», — сказала яна.
 
«Пасля новых рэпрэсій, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года палітвязні па-ранейшаму ў турме, — адзначыла Меркель. — Грамадзяне, якія імкнуліся да плюралізму ў гэтым грамадстве, былі кінутыя за краты».
 
Яна выказала падзяку лаўрэату праваабарончай прэміі Рады Еўропы Алесю Бяляцкаму, які знаходзіцца за кратамі.
 
«Мы ўсе нясем адказнасць за тое, каб гэтыя людзі зноў маглі свабодна гаварыць і дзейнічаць», — падкрэсліла канцлер.
 
«Мы хочам паглыбляць супрацоўніцтва з Беларуссю, але гэта магчыма толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, - заявіла Меркель.
 
— Калі б саміт у Вільні даў знак надзеі, гэта было б вельмі значным».
 
Меркель паведаміла, што будзе ўдзельнічаць у віленскім саміце. «Сваім удзелам я б хацела падкрэсліць цесную сувязь Германіі і ўсяго Еўрасаюза з нашымі ўсходнімі суседзямі. Наш агульны стратэгічны інтарэс — садзейнічаць далейшаму развіццю гэтых краін, падтрымліваць змены ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека, а таксама пісьменнае кіраванне з боку ўрадаў і эканамічнае развіццё», — сказала канцлер.
 
Па словах Меркель, яна бачыць вялікі патэнцыял ва Усходнім партнёрстве.
 
«Гэта самастойны інструмент еўрапейскай палітыкі, які дае нашым ўсходнееўрапейскім суседзям зусім новую якасць збліжэння. Яно знаходзяцца ў шэрагу іншых важных для ЕС стратэгічных партнёрстваў, як, напрыклад, партнёрства з Расіяй ці перамовы з ЗША аб свабодным гандлі», — заявіла яна.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме