Віталь Рымашэўскі: адмова Ўкраіны ад Асацыяцыі з ЭЗ – перамога Расеі над Эўразьвязам

22 лістапада 2013 09:43  |  Галоўныя навіны

Раптоўную адмову ўраду Ўкраіны ад
эўраінтэграцыі і паварот да Мытнага саюза камэнтуе сустаршыня аргкамітэту
ў справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь
Рымашэўскі. Ён перакананы, што народ Украіны будзе змагацца за сваю
эўрапейскую будучыню:

«Гэта чарговая перамога Расеі,
расейскай аўтакратыі, расейскай зьнешняй палітыкі над палітыкай дэмакратычных
краін, палітыкай Эўразьвязу. Для Беларусі і ўсяго ўсходнеэўрапейскага
рэгіёну гэта, безумоўна, вельмі нэгатыўнае рашэньне. Гэта страчаны шанец
на хуткія зьмены, на пераўтварэньні палітычныя, эканамічныя,
сацыяльныя найперш для Ўкраіны.

Але, безумоўна, калі б падпісаньне, ратыфікацыя пагадненьня
з Эўразьвязам адбылася на саміце Ўсходнеэўрапейскага партнэрства
ў Вільні, гэта быў бы вельмі істотны крок для ўсяго
ўсходнеэўрапейскага рэгіёну. Гэта абсалютна зразумела, пра гэта казалі ўсе
аналітыкі і заходнія палітыкі.

Таму гэта, па-першае, перамога Расеі над Эўразьвязам, перамога дыктатуры над
дэмакратыяй, а па-другое, гэта згублены шанец для ўсяго ўсходнеэўрапейскага
рэгіёну. Я перакананы, што і ўкраінская апазыцыя, дэмакратычныя сілы
Ўкраіны будуць змагацца за эўрапейскі выбар, за дэмакратычны выбар
Украіны. Але, безумоўна, шкада, што так адбылося».

Болей навін