Калінкавічы: пададзена скарга ў суд на забарону пікета

30 лістапада 2013 10:08  |  Рада Народных Дэпутатаў

Калінкавіцкая актывістка аргкамітэту
па стварэніі Партыі БХД Тамара Зайцава звярнулася ў раённы суд са скаргай на мясцовы райвыканкам, які адмовіў у
правядзенні масавага мерапрыемства ў форме пікету на адкрытай пляцоўцы перад
рэдакцыяй дзяржаўнай газеты “Калінкавіцкія навіны”. Адмова была
матываваная тым, што заяўленае месца для правядзення мірнага сходу не
ўваходзіць у пералік месцаў, вызначаных рашэннем Калінкавіцкага райвыканкама.

«Адмову ў правядзенні мірнага сходу лічу неправамернай, яна парушае маё права
на свабоду правядзення масавых мерапрыемстваў і свабоду выказвання свайго
меркавання, – піша актывістка. – Рашэннем райвыканкама вырашана вызначыць у
Калінкавіцкім раёне сталыя месцы правядзення масавых мерапрыемстваў. Але лічу,
што гэта рашэнне наўпрост супярэчыць артыкулам 23, 33 і 35 Канстытуцыі
Рэспублікі Беларусь, артыкулам 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і
палітычных правах».

У заяве Тамара Зайцава падрабязна тлумачыць, чаму мясцовыя ўлады парушаюць
галоўны закон краіны і міжнароднае права, патрабуючы прызнаць у судовым парадку
пункт 1 рашэння Калінкавіцкага райвыканкама «Аб масавых мерапрыемствах»
неправамерным, а таксама прызнаць неправамерным забарону актывістцы на
правядзенне пікету.

Болей навін