Ля крыжа Гадлеўскаму ў Трасцянцы зрабілі звалку смецця (Абноўлена, Фота)

24 снежня 2013 17:00  |  Грамадства

У Трасцянцы ва ўрочышчы Благоўшчына ля крыжа ксянзу Вінцэнту Гадлеўскаму напярэдадні дня яго памяці невядомыя зрабілі звалку смецця. Гэта пабачылі актывісты, якія ў аўторак 24 снежня, у дзень гвалтоўнай смерці ад легендарнага ксяндза рук нацыскіх карнікаў, прыехалі ў Трасцянец, каб ушанаваць яго памяць традыцыйнай мемарыяльнай акцыяй.
 
Як зазначыў адзін з удзельнікаў акцыі актывіст руху “Разам” Яўген Батура, які тыдзень таму быў на гэтым месцы, сметнік ля крыжа Гадлеўскаму з’явіўся літаральна апошнімі днямі. Такім чынам нехта падрыхтаваўся да традыцыйнай акцыі памяці, якую штогод у гэты дзень ладзяць актывісты БХД, руху Разам і іншых ініцыятываў.
 
 
Дарэчы, непадалёк ад крыжа ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму стаіць таксама афіцыйны знак памяці рассталяным на гэтым месцы савецкім ваеннапалонным, мінскім падпольшчыкам, мірным жыхарам і габрэям з Еўропы. На ім пазначаная афіцыйная лічба ахвяраў Трасцянецкага лагера смерцы – 150 тысяч чалавек. Такім чынам, у сённяшняй Беларусі зневажаюць не толькі памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў, але і ахвяраў нацызму, зрабілі выснову грамадзкія актывісты.
 
Актывісты “Разам” Ілля Дабратвор і Яўген Батура выклікалі міліцыянтаў і напісалі заяву пра знявагу месца масавай згубы. Пры разглядзе смецця высветлілася,што гэтае злачынства было зроблена супрацоўнікамі транспартнага цэху Менскага Трактарнага Заводу: магчыма, смецце тут выгрузіў адзін з кіроўцаў грузавікоў МТЗ, якія тут часта праязжаюць. Міліцыянты абяцалі разабрацца і пакараць вінаватых.
 
Нагадаем, у Трасцянцы, ва ўрочышчы Благоўшчына ў непасрэднай блізкасці да месца расстрэлаў нацысцкіх карнікаў пасля вайны быў пабудаваны буйны сметнік. Некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што гэта было зроблена, каб схаваць сляды даваенных расстрэлаў НКВД у гэтым месцы. 
  
 
Ля крыжа Гадлеўскаму ў Трасцянцы зрабілі звалку смецця (Абноўлена, Фота) 
 
 

Болей навін