Салігорск: Забарона пікета да Дня правоў чалавека абскарджваецца ў судзе

28.12.2013, 15:49  |  Навіны » Палітыка

Сябар БХД Уладзімір Шыла накіраваў скаргу ў суд Салігорскага раёна з нагоды забароны мясцовымі ўладамі правядзення пікета да Дня правоў чалавека.

 

"Нягледзячы на выкананне ўсіх патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах", многія з якіх, па маім глыбокім перакананні, з'яўляюцца неабгрунтаванымі і не адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, Салігорскі райвыканкам не задаволіў маю заяву на правядзенне пікетавання, - кажа грамадскі актывіст. - У сваім абгрунтаванні забароны на правядзенне мерапрыемства ўлады сцвярджаюць пра не адпаведнасць зместу маёй заявы артыкулу 5 Закона. Пры гэтым чыноўнікі не ўказваюць, патрабаванні якіх менавіта частак дадзенага вельмі шырокага артыкула былі парушаны, а таксама не прыводзяць у сваім рашэнні абсалютна ніякіх довадаў, аргументуючых дадзеную забарону.”

 

У абгрунтаванні сваёй пазіцыі Уладзімір Шыла спасылаецца на нормы Канстытуцыі і адпаведныя артыкулы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Актывіст просіць суд адмяніць незаконнае рашэнне салігорскіх чыноўнікаў, прыняць рашэнне аб кампенсацыі маральнай шкоды, нанесенай у выніку парушэння яго правоў, і абавязаць Салігорскі райвыканкам узгадніць новую прымальную дату правядзення пікетавання.

Крыніца: Вясна

Навіны па тэме