Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Наш хлеб надзённы?

04 студзеня 2014 14:41  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Нам, беларусам, святы толькі ў шкоду. Асабліва працяглыя. Асабліва зімовыя. Няма куды сябе падзець, акрамя як пасадзіць за стол з бутэлькамі і талеркамі. Вось чаму перанесены на пачатак Новага года выхадны ператварыўся ў форменны ўдар па печані. Звычайна хапае і аднаго дня, каб цалкам выбіцца з працоўнага рытму і здаровага ладу жыцця. Чырвоныя твары, мутныя зрэнкі, моцны пах перагару, эмацыйныя зрывы… 

Прыгаломшаныя, з вялікім праміле ў крыві выходзяць мужчыны на працоўныя месцы (да руля, механізмаў, прыбораў, камп’ютэраў, дакладных разлікаў, аперацыйных сталоў)… або алкагольны марафон працягваецца, калі прадпрыемства адпусціла на працяглыя канікулы. 

Пра запушчанасць і звыкласць алкагольнай праблемы сведчыць паўсюднае сумяшчэнне прадуктаў і напояў “з градусамі” ў харчовых крамах. Ну сапраўды: узяў буханку хлеба — працягні руку па вадкае. Бо калі этылавы спірт стаў часткай абмену рэчываў, то навошта раз’ядноўваць, разводзіць у прасторы два жыццёва важныя складнікі? 

Адкрыўшыся непадалёку, прыемна здзівіў “Марцін”, як яго завуць у Масюкоўшчыне. Усё спіртное было вынесена ў асобны аддзел, і не напачатку, а ў канцы памяшкання, збоку ад касаў. Толькі для асабліва прагнучых. Запахла культурай і шляхецкай стрыманасцю. Парадавалі беларускамоўныя надпісы. Але мая радасць была нядоўгай. 

Году не прайшло, як на залу пачалі выцягваць штабялі скрыняў з моцнымі і слабымі напіткамі. Маркетолагі літоўскай фірмы вывучылі попыт, паглядзелі, як тут у іншых універсамах, пазнаёміліся з насельніцтвам. А нашаму насельніцтву чым болей і бліжэй, тым лепей. Прыбытак да таго ж… 

Праблема алкагалізацыі ў Беларусі аказалася нейкай “бясхознай”, яна завісла паміж міністэрстваў і ведамстваў. Медыкі ставяць кропельніцы, ратавальнікі тушаць пажары і выносяць трупы, міліцыянеры затрымліваюць і разбіраюцца з заявамі жонак, суды разводзяць шлюбныя пары, педагогі мучаюцца з затарможанымі дзецьмі, вучоныя… Вучоныя ўсё, што можна, даўно даследавалі і занатавалі. 

Жорсткая ўсё ж рэч — навука… Даследчыкі з-за акіяну вывучалі ўздзеянне алкаголю на мозг і паводзіны. На малпах. Як быццам ім мала добраахвотна спітых Homo Sapiens! З навуковай бясстраснасцю было засведчана, што споеныя самцы пачыналі гвалціць дзіцянят у сваёй групе. Невядома, ці ратаваў хто няшчасных малпачак на паддоследнай тэрыторыі… 

Так ці інакш, але навука аўтарытэтна даказала, што найбольш церпяць ад павышаных дозаў алкаголю мозг і псіхіка чалавека, а значыць — яго асоба. Мозг пры інтаксікацыі ператвараецца ў дадатковую нырку. Шэрае рэчыва гіне, літаральна змываецца ва ўнітаз, ахвяруючы сабой дзеля прадаўжэння жыццядзейнасці арганізму. І навошта гэтаму арганізму рабіць ранішнюю зарадку, хадзіць на працу і спаць з жонкай, калі няспраўным робіцца сам “пульт кіравання”? 

Ніколі не забуду карціну развітання з памерлым у адной вёсцы на Лагойшчыне. Дарослы сын трымаўся на нагах, але быў настолькі атручаны, так адпіў галаву, што не хацеў ісці за труной бацькі на могілкі. Жанчыны з роду надавалі яму ў каршэнь, каб выправіць гэтага зомбі следам за жалобнай працэсіяй. Чорны тварам, з выпучаным, як у рака, вокам, чалавек выглядаў куды страшней за нябожчыка. Ці варта казаць, што неўзабаве яго самога занеслі на клады. 

Такіх у краіне шмат, вельмі шмат. Вешаюцца, забіваюць іншых, ціха паміраюць пад платамі, на прыпынках альбо ва ўласных ложках. Пры масавым беспрацоўі ў дробных гарадах і мястэчках сфармавалася армія сацыяльных маргіналаў, якія перастаюць быць падобнымі на людзей: вымагаюць пенсію ў старых, крадуць у родных і суседзяў, ператвараюць у пекла жыццё блізкіх. 

Кожнага з залежных і проста моцна пітушчых адукоўваць і ўгаворваць паасобку не мае сэнсу, ды й звычайна няма каму. Патрабуюцца дзяржаўныя меры, дзяржаўны клопат, дзяржаўная адказнасць за здароўе і будучыню нацыі. У Беларусі даўно пройдзена крытычная мяжа па колькасці выпітага на душу насельніцтва алкаголю. За гэтай мяжой пачынаецца дэградацыя і паміранне нацыі. 

З наступіўшым, дарагія суайчыннікі! Каторы Новы год сустракаю без бакала — і нічога! І галоўка назаўтра не “бо-бо”, і настрой нармальны.

Болей навін