Віталь Рымашэўскі: перамога Майдану залежыць ад таго, ці ўдасца захаваць мірны характар пратэстаў

22.01.2014, 09:46  |  Галоўныя навіны, Свет, Палітыка

21 студзеня споўнілася два месяцы з пачатку масавых акцыяў пратэсту ва Ўкраіне супраць мясцовых уладаў і ў прыватнасці прэзідэнта краіны Віктара Януковіча. Днямі пратэсты выліліся ў масавыя сутыкненні мітынгоўцаў з міліцыяй. Падзеі ва Ўкраіне прэсавая служба Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі папрасіла пракаментаваць сустаршыню аргкамітэту БХД Віталя Рымашэўскага.

 

- Як вы ацэньваеце падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне?

 

- Масавыя акцыі пратэсту ва Ўкраіне, якія трымаюцца амаль два месяцы, - гэта вельмі важна як для самой Украіны, так і для ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну. Ідзе не толькі супрацьстаянне спробам захопу ўлады ва ўласна Ўкраіне, але і супрацьстаянне ўсёй канцэпцыі пуцінскай Усходняй Еўропы, супрацьстаянне экспарту дыктатуры з Расеі

 

Тое, што Майдан адбыўся, тое, што ён носіць мірны негвалтоўны характар дае падставы для перамогі ўкраінскай апазіцыі і ўсяго Еўрамайдану. Планы ўкраінскай апазіцыі наконт стварэння народнага ўраду - гэта вельмі лагічны і правільны крок у сучасных варунках, бо ў простага народу няма ніякага шансу перамагчы ўзброеныя войскі. Але негвалтоўныя акцыі супраціву, масавыя страйкі, стварэнне альтэрнатыўных урадаў - гэта мірны, негвалтоўны шлях барацьбы. Гэта тое, што абавязкова прывядзе Ўкраіну да перамогі.

 

- А якое ваша меркаванне наконт апошніх падзеяў у Кіеве, калі былі скалечаныя і параненыя сотні чалавек?

 

- Я згодны з той ацэнкай, якую далі кіраўнікі Еўрамайдану ва Ўкраіне. Адказнасць за развязванне гвалту цалкам ляжыць на Януковічу і дзейсным рэжыме. Януковічу выгадна, каб былі гэтыя сутыкненні, каб была падстава для разгону, каб кінуць узброеныя войскі на мірных дэманстрантаў. Былі зафіксаваныя неаднаразовыя спробы правакатараў у цывільным распачаць гэтыя бойкі. Я лічу, што будучыня Еўрамайдану залежыць ад таго, ці ўдасца актывістам і дэмакратычнай апазіцыі спыніць гэтыя правакацыі, захаваць негвалтоўны кірунак майдану. Супрацьстаяць узброеным войскам могуць толькі ўзброеныя войскі. Усе перадумовы, каб армія і ўнутраныя войскі пачалі пераходзіць на бок дэмакратычнай апазіцыі, ва Ўкраіне ёсць. Але першай перадумовай мусіць быць масавасць і негвалтоўны характар супраціву.

 

Усе правакацыі і гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні ўнутраных войск выгадныя дыктатарскай групоўцы Януковіча для таго, каб мець зачэпку для ўжывання зброі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, а таксама каб пазбавіць міжнароднай падтрымкі людзей, якія змагаюцца негвалтоўна. Тыя людзі якія робяць, альбо з'яўляюцца тымі, хто свядома, па заданні Януковіча робіць правакацыі, альбо тымі, хто шчыра верыць у тое, што такімі метадамі можна перамагчы, і ў гэтым моцна памыляецца.

Навіны па тэме