Заява БХД: будучыня беларускай мовы залежыць ад кожнага грамадзяніна

21.02.2014, 13:56  |  Галоўныя навіны, Палітыка, Грамадства

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя віншуе ўсіх беларусаў з Днём роднай мовы. Беларуская мова - гэта бясцэнны культурны здабытак, дадзены беларускуаму народу Богам. Яна з'яўляецца складнікам сусветнай культуры.

 

Беларуская мова фармавалася стагоддзямі, шматлікімі пакаленнямі нашых продкаў і да гэтага часу жыве і захоўваецца, дзякуючы намаганням годных сыноў і дачок Беларусі ў яе абарону, захаванне і развіццё.

 

За апошнія 20 гадоў рэжым Лукашэнкі зрабіў усё магчымае, каб знішчыць беларускую мову на абшарах Беларусі. Дзеяннямі рэжыму беларуская мова амаль цалкам выціснутая з ВНУ, дзіцячых садкоў і школаў. Накіраванае вынішчэнне і ганьбаванне беларускай мовы - злачынства перад беларускім народам і ўсім чалавецтвам, за якое адказныя мусяць панесці пакаранне.

 

Сёння будучыня беларускай мовы і Беларусі залежыць ад беларускага народу і кожнага грамадзяніна. Мы заклікаем кожнага зрабіць унёсак у абарону, захаванне і развіццё беларускай мовы. Мы заклікаем шырэй выкарыстоўваць беларускую мову ў сем'ях, патрабаваць ад дзяржавы выканання права навучаць дзяцей па-беларуску, пашырэння ўжытку беларускай мовы ў СМІ і дзяржаўных установах, а таксама ў іншых галінах.

 

БХД за час свайго існавання правяла больш за дзясятак бясплатных курсаў беларускай мовы для дарослых, шматлікія мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай мовы і культуры. БХД таксама гатовая аказаць дапамогу ўсім жадаючым як вывучаць беларускую мову, так і адстойваць свае моўныя правы. Жадаючыя могуць звяртацца па тэлефоне: +375 29 1673435.

 

Пакуль жыве беларуская мова - жыве беларуская нацыя і культура. Захаваем і зберажэм яе разам!

Навіны па тэме