Прага да помсты

01 сакавіка 2014 13:58  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

«Хай выстаіць
Майдан!» – гэтыя словы сталіся для мяне адным з найпершых жаданняў сэрца.
Начамі сніліся салодкія сны пра перамогу; потым уключала кампутар, баючыся… І
няглядзячы на ўвесь жах, радавалася таму, што тыя храбрыя людзі яшчэ стаяць.

 

Самае шчырае
захапленне выклікала тое, што было бачна ў прамым эфіры з камеры ўкраінскага
Радыё Свабода: гучаць стрэлы і выбухі – а людзі не разыходзяцца…

 

Але як можна
растлумачыць тыя заклікі з боку пераможцаў, якія часам гучаць? Настойлівае
жаданне пакараць усіх-усіх вінаватых, словы і жаданні, што найбольш нагадваюць
помсту?..

 

Я не кажу пра
людзей, якія страцілі блізкіх – не паварочваецца язык разважаць на тэму іхніх
пачуццяў… Я кажу пра ўсіх астатніх, хто спачуваў і дапамагаў Майдану. Няўжо не
зразумела, што прыхільнікі жорсткасці ўжо атрымалі самае важкое пакаранне?

 

Я пра паразу. Пра
тое, што прыхільнікі рэпрэсій і сілавых сцэнараў рознай ступені жорсткасці
атрымалі самае значнае грамадскае пакаранне – яны прайгралі, пагарэлі на гэтым!
Тыя, хто заахвочваў Януковіча да сілавога разгону, прапанаваў яму крывавыя
рэцэпты змагання, жадалі перамогі праз чалавечы страх – з’елі на гэтым сабаку! І хай ядуць яны гэтага сабаку. Пад самымі
разнастайнымі соўсамі. Тыя, хто думалі, што людзі, у сэрцы якіх ёсць любоў да
свабоды і Айчыны, разбягуцца як міленькія ад грому шыльдаў, ад дубінаў – ці ад
стрэлаў…

 

Смачна есці!.. Як
па мне, дык іншых пакаранняў і не патрэбна.

 

Дакладней,
патрэбна – але маюць быць пакаранымі толькі тыя, чыя віна бясспрэчная і
даказаная, і хто сапраўды дакладна парушаў закон. Хто страляў у людзей, аддаючы
выконваючы загады, беззаконнасць якіх бясспрэчная. Хай з гэтым бясстрасна
разбіраюцца прафесіяналы.

 

Прынамсі,
асаблівая тэма – беркутаўцы. Хацелася б, каб да законнай адказнасці
прыцягваліся толькі тыя, хто дакладна рабіў беззаконне – калі, напрыклад,
нейкім чынам дакладна выявяць тых асобаў, якія распраналі чалавека на марозе,
перашкаджалі медыкам ратаваць людзей. Зрэшты, баюся даваць ацэнкі, бо я не
юрыст. А наконт маральных ацэнак – на тое ёсць інстанцыі многа вышэйшыя за
зямныя… Што да зямных – можна ўлічыць і такі псіхалагічны фактар, як сістэма, у
якой гадавалася гэтае спецпадраздзяленне.

 

Ці давайце
пасадзіце мяне ў турму на некалькі месяцаў за супрацоўніцтва з беларускай
дыктатурай. Вось спіс правінаў: вадзіла дзяцей на прэзідэнцкія хакеі і іншыя
мерапрыемствы, прызначаныя для псіхалагічнай апрацоўкі насельніцтва; агітавала
ўступаць у піянеры і ў БРСМ. Ну, я пастараюся паапраўдвацца, тым што першае
было выкананнем загаду, а ў стваральны патэнцыял другога я сапраўды верыла.

 

І яшчэ пра
беркутаўцаў: чаму мы не шкадуем тых, хто загінуў з іхняга боку? Яны таксама
ахвяры рэжыму. І не факт, што тыя, хто загінуў, збівалі медсясцёр ці распраналі
чалавека на марозе. Мажліва, ніхто з тых, хто загінуў, не быў здольны на такія
злачынствы. Тым больш, што злыя людзі часам бываюць хітрэйшыя і лепей ратуюць
сабе.

 

А калі і былі
здольныя, і рабілі – што, ў нас саміх мала жорсткасці, каб мы былі так
упэўненыя ва ўласнай няздольнасці да злачынства?..

 

P.S. Калі
Лукашэнка нарэшце страціць уладу (спадзяюся, што пасля таго ён будзе яшчэ доўга
і нядрэнна жыць) – хацелася б, каб яму ўдалося збегчы. Трэці, чацьвёрты тэрмін
улады трэба забараніць хаця б з-за той шкоды для псіхічнага здароўя, якую гэтая
практыка нясе (паглядзіце на Пуціна – як ён змяніўся! Якія адыёзныя канструкцыі
і колькі дэмагогіі з’явілася ў ягонай мове – а раней жа рэдка казаў дурное!).
Дала б крыху, калі б якія людзі скідваліся беларускаму экс-прэзідэнту на квіток
у нейкі санаторый на цёплым востраве, – хай бы там папраўляў здароўе,
пашкоджанае пабочнымі эфектамі неабмежаванае ўлады. Тым больш што страта ўлады
ў такой сітуацыі – надта жорсткае выпрабаванне.

 

P.P.S. Патрыярх
Кірыл дабраславіў усю Рускую Праваслаўную Царкву маліцца аб Украіне. Тут тэкст
малітвы
http://www.pravmir.ru/patriarx-kirill-blagoslovil-vsyu-russkuyu-cerkov-molitsya-ob-ukraine/ .

Болей навін