Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка пераканаў, што яго словам давяраць нельга

01 красавіка 2014 10:43  |  Палітыка

Запэўніванні Лукашэнкі аб адсутнасці пагрозы для Украіны з поўначы – не больш, чым словы.

 

Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі
«Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы сайту
charter97.org сустрэчу Лукашэнкі і Турчынава.

 

«Адзінае, у чым Лукашэнка пераканаў людзей за час свайго
праўлення, гэта тое, што яго словам давяраць нельга. У тым ліку яго запэўненням
наконт адсутнасці пагрозы для Украіны з поўначы. Спадзяюся, ва ўкраінскага
кіраўніцтва ілюзій наконт яго паводзінаў няма», – сказаў ён.

 

Палітык падкрэсліў, што ніякіх зменаў не адбываецца:
расейскія знішчальнікі па-ранейшаму перадыслакаваныя бліжэй да ўкраінскай мяжы
і няма ніякіх дзеянняў па вывадзе расейскіх войскаў з Беларусі.

 

«Па сутнасці цяпер ідзе падрыхтоўка да ўдзелу Беларусі ў
вайне з Украінай на баку Расеі. І нягледзячы ні на якія вусныя запэўніванні,
ёсць факты правядзення сумесных вайсковых вучэнняў на беларуска-украінскай мяжы
і прызнання акупацыі Крыма, а гэта ўжо вельмі сур’ёзныя рэчы. І калі адбудзецца
ваеннае ўварванне з тэрыторыі нашай краіны, то для Украіны гэта, безумоўна
будзе катастрофай і нажом у спіну», – адзначыў Рымашэўскі.

 

Нагадаем, 29 сакавіка беларускі дыктатар сустрэўся з
выконваючым абавязкі прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым. Перамовы
адбыліся ў Ляскавічах Гомельскай вобласці, на мяжы дзвюх дзяржаў.

Болей навін