Яўгена Васьковіча цкуюць праз асуджаных

14 красавіка 2014 11:49  |  Галоўныя навіны

Як стала вядома
аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
з крыніцаў у магілёўскай турме № 4, на Яўгена Васьковіча адміністрацыя пачала
аказваць усебаковы ціск праз асуджаных.

 

Калі раней Яўгена
катавалі, бясконца змяшаючы яго ў штрафны ізалятар, абмяжоўваючы ў ежы,
спатканнях і перадачах, дык цяпер турэмшчыкі абралі іншую тактыку –
задзейнічалі іншых асуджаных.

 

Кіраўніцтва БХД
адназначна звязвае гэта са спробамі прымусіць Яўгена напісаць прашэнне аб
памілаванні напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі – і патрабуе неадкладнага
спынення здзекаў і вызвалення Яўгена Васьковіча.

 

Нагадаем, сябра
БХД Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня 2011 года ў Магілёве на наступны
дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці зь беларускімі палітвязнямі. Яго
абвінавацілі ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску, які адбыўся ў ноч з 16 на 17
кастрычніка 2010 году. У нападзе ніхто не пацярпеў, а рэальныя страты склалі
253 тысячы рублёў, якія былі кампенсаваныя. Нягледзячы на гэта, Яўгена
Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

 

У сваім апошім
слове хлопец назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць
нацыянальныя беларускія каштоўнасці: “За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё
кароткае, а радзіма вечная”. Скончыў Васьковіч свой кароткі выступ
воклічам: “Жыве Беларусь!”.

 

Хаця хрысціянскія
дэмакраты не падтрымліваюць такіх метадаў супраціву, наш абавязак – маліцца за
Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог
зразумець: “не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым.,
12:21). БХД заклікае дасылаць палітвязню лісты са словамі з Пісання. Лісты
падтрымкі неабходна пісаць на адрас: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул.
Крупскай, 99А, Васьковічу Яўгену Сяргеевічу і віншаваць яго са святам Уваскрасення Хрыстова.

Болей навін