Камітэт салідарнасці звярнуўся да беларусаў Украіны

16.04.2014, 11:33  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай звярнуўся з адкрытым зваротам "Да беларусаў Украіны". Прапануем вашай увазе тэкст звароту: 

Дарагія беларусы Ўкраіны! Браты і сёстры!

Мы – беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі нашай гістарычнай Радзімы – Беларусі, звяртаемся да вас, беларусаў, якія жывуць у брацкай Украіне!

Мы памятаем, што разам з украінцамі беларусы ў сярэднія вякі жылі ў адной дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, створаным па добрай волі народаў.

Украіна вызвалілася з-пад прыгнёту трох імперый, выжыла, выпрацаваўшы сваю унікальную форму ідэнтычнасці. Украінскія землі рыхтавалі да захопу праз Януковіча, які давёў краіну да нябачанай карупцыі, беспрацоўя і крадзяжу, але Майдан расплюшчыў вочы ўсёй ўкраінскай нацыі. Імперскія ж колы Расіі працягваюць спробы захаваць свой ​​уплыў і выступаць пастухом украінцаў, дэстабілізуючы становішча ў паўднёва-усходніх абласцях Украіны, падтрымліваючы патрабаванні федэралізацыі краіны і зрываючы прэзідэнцкія выбары.

У гэты адказны момант сваёй найноўшай гісторыі ўкраінскі народ паказаў усяму свету, што ён жадае сам кіраваць сваёй дзяржавай, ведучы яе да дэмакратычнай будучыні.

Шляхаў толькі два: альбо назад у новае прарасійскае гета, альбо на еўрапейскі прастор, каб «людзьмi звацца».

Беларусы Ўкраіны, будзьце сумленныя перад сабой і адкажыце сабе, з кім вы: з сумленным і гераічным украінскім народам або з злачыннай і карумпаванай бандай, якая спрабуе захаваць уладу ва Ўкраіне праз здраду нацыянальных інтарэсаў дзяржавы? Ці вы хочаце вярнуцца ў абязлічанае мінулае або разам з украінскім народам будаваць еўрапейскую будучыню?

Ведайце, што мы разам з вамі, усім украінскім народам і заклікаем вас, усімі сіламі душы і плоці падтрымаць гераічны выбар Украіны! Народ Украіны прадэманстраваў усёй Еўропе, усяму свету сваё імкненне да свабоды і дэмакратычных каштоўнасцяў і сёння мае патрэбу ва ўсебаковай падтрымцы і салідарнасці. Падтрымліваючы сёння праеўрапейскі выбар ўкраінскага народа, вы падтрымліваеце заўтрашні дзень Беларусі! Памятайце, што толькі новыя ўкраінскія ўлады могуць і будуць гарантаваць нацыянальным меншасцям, сярод якіх беларусы Украіны стаяць на трэцім месцы па колькасці, захаванне сваёй нацыянальнай самабытнасці і гістарычных каранёў.

Беларусы Украіны, мы верым, што ваш выбар будзе абапірацца на гістарычную памяць беларускай нацыі і стане выбарам вашых гонару і годнасці.

Жыве Беларусь! Слава Украіне!

Навіны па тэме