Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і міранам Беларускай Праваслаўнай Царквы

19 красавіка 2014 12:53  |  Грамадства

Нябёсы дастойна няхай весяляцца, і зямля няхай радуецца,

і няхай святкуе ўвесь свет, бачны і нябачны,

бо паўстаў Хрыстос — радасць вечная.

Трапар 1-й песні Пасхальнага канона

 

Дарагія і ўзлюбленыя ў Хрысце Уваскрэслым

Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы,

набожныя інакі і інакіні, богалюбівая паства

Беларускай Праваслаўнай
Царквы,

сардэчна
віншую вас са святам свят — Пасхай Гасподняй!

 

У гэты спасіцельны
для свету, светлазарны дзень мы, як і ўсе папярэднія нам з часоў
апостальскіх пакаленні хрысціян, зноў і зноў з невымоўнай падзякай Богу, якая выліваецца
з сэрцаў нашых, з духоўным лікаваннем вітаем адзін аднаго Пасхальным воклічам:

 

Хрыстос уваскрэс!

 

Толькі
два словы, але якая неверагодная ў іх сіла! Гэтыя два словы ўскалыхнулі ўвесь
свет, разбурылі браму пекла дашчэнту і стварылі вялікую і непераможную Хрысціянскую Царкву, падаючы
ўсім яе дзецям жывую веру, духоўна-маральныя Евангельскія каштоўнасці і благадатныя духоўныя сілы, здольныя веруючага ў Хрыста чалавека
ўзнесці на вышыню духоўнай дасканаласці.

 

У
аснову нашай веры пакладзена гэтая светлая і радасная вестка —вестка пра Уваскрасенне
Богачалавека, а разам з Ім — і пра ўваскрасенне
чалавецтва. Без веры ва Уваскрэслага Хрыста няма
хрысціянства!

 

З цвёрдым перакананнем і непахіснай верай у гэты напоўнены
благадатнай сілай спасіцельны дзень мы зноў і зноў радасна ўсклікаем:

 

Хрыстос уваскрэс!

 

Уваскрэслы
Хрыстос —краевугольны камень нашай веры (пар. Эф. 2: 20), у Ім —перамога праўды, перамога дабрадзейнасці, перамога жыцця, перамога бессмяротнасці! Пра свята перамогі
жыцця над смерцю ясна гаворыць апостал Павел: “Бог … уваскрасіць і нас сілаю Сваёю” (1 Кар. 6: 14), бо ўсім нам дадзена ўваскрасенне
з мёртвых.

 

Сэрцы
нашы напоўнены сёння радасцю Уваскрасення
Хрыстовага.
І кожны можа падзяліцца гэтай радасцю пра Уваскрэслага Госпада нашага Іісуса Хрыста—і з бліжнімі,
і з дальнімі:
навучыцца быць з тымі, хто навокал нас, добрымі і міласэрнымі, сумленнымі і
добразычлівымі, здольнымі і гатовымі пайсці з імі на любыя выпрабаванні;
сагрэць святлом Божай любові састарэлых, адзінокіх,
хворых і тых, хто па нейкіх абставінах пазбаўлены магчымасці падзяліць Пасхальную радасць з тымі, хто ў храме. Такія справы хрысціянскай любові перамяняюць і нас, і навакольны
свет.

 

Жыць паводле праўды і запаведзяў Божых — пад сілу кожнаму шчыра веруючаму чалавеку. Звяртаючыся
да нас, Усемагутны Гасподзь заклікае: “Прыйдзіце
да Мяне, усе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце
спакой душам вашым. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі”
(Мф. 11: 28-30). Спасіцель свету не патрабуе ад
нас нічога непасільнага. Міласэрны Гасподзь, любячы Сваё стварэнне, заўсёды з тымі, хто веруе ў Яго, даючы ім моц,
сілу і ўсё патрэбнае, каб несці жыццёвы крыж.
Успомнім каштоўныя словы, якія Іісус Хрыстос уклаў у сэрцы
ўсіх, хто ўвераваў, хто
ўзлюбіў Яго, абяцаючы заўсёды быць з
імі: “…і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку. Амінь
(Мф. 28: 20). Сёння, тут і
цяпер гучаць звернутыя асабіста да кожнага з нас гэтыя словы, у якіх і надзея,
і суцяшэнне…

 

Праасвяшчэнныя архіпастыры, узлюбленыя айцы, браты і
сёстры, віншуючы ўсіх вас з найвялікшым святам Светлага Хрыстовага Уваскрасення,
малітоўна жадаю вам невычэрпнай благадатнай дапамогі Божай у далейшым вашым служэнні на славу Святой Праваслаўнай
Царквы, дзеля росквіту краіны нашай — Беларусі, на карысць і радасць усім нашым
бліжнім і дальнім.

 

Уваскрэслы
Хрыстос Спасіцель няхай умацуе нас у веры і хрысціянскай
набожнасці. Благадатнае святло гэтай спасіцельнай Пасхальнай ночы няхай напаўняе сэрцы нашы любоўю ў Хрысце Уваскрэслым і радасцю
яднання з Ім — радасцю чаканага намі бясконцага жыцця вечнага:

 

Хрыстос уваскрэс!

 

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

 

 

+ Павел,

 

Мітрапаліт Мінскі і
Слуцкі,

 

Патрыяршы
Экзарх усяе Беларусі

 

Пасха Хрыстова

2014 год

горад
Мінск

Болей навін