Зьмітра Дашкевіча пасадзілі на 25 сутак

25 красавіка 2014 14:47  |  Галоўныя навіны

Былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча пакаралі на 15 і 10
сутак паводле двух пратаколаў пра парушэньне правілаў нагляду і пра
непадпарадкаваньне міліцыі. На судзе Дашкевіч прызнаў, што спазьніўся дамоў, бо
затрымаўся на працы.

 

Аднак ён назваў хлусьнёй заявы міліцыянтаў пра
непадпарадкаваньне.

 

«Няма што камэнтаваць, нейкі абсурд. Зьвязана з магчымай
актыўнасьцю Маладога фронту перад Чарнобыльскім шляхам і Чэмпіянатам сьвету па
хакеі», — заявіў Дашкевіч Радыё Свабода пасьля таго, як судзьдзя Юры
Гарбатоўскі абвесьці сваё рашэньне.

 

Дашкевічу забаронена пакідаць месца жыхарства з 20 да 6
гадзін.

 

Былога палітвязьня затрымалі раніцай 25 красавіка, калі ён
выходзіў са сваёй кватэры.

 

Прэвэнтыўны нагляд над Зьмітром Дашкевічам павінен скончыцца
28 траўня.

 

28 жніўня 2013 года Зьміцер Дашкевіч выйшаў на волю з
гарадзенскай турмы № 1 пасьля амаль трохгадовага зьняволеньня. Яго арыштавалі
напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 года, і асудзілі
спачатку за «асабліва злоснае хуліганства», а пасьля — за «злоснае
непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».

Болей навін