Яшчэ пра павагу да ворага

05 мая 2014 16:01  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Беларусы і рускія ўсе праблемы на сваіх тэрыторыях вырашылі,
застаецца толькі дапамагаць братам-украінцам, папярэдне вызначыўшыся з
арыентацыяй дапамогі… От зноў не ўстрымаюся ад следвання гэтай тэндэнцыі…

 

…Баюся моцна хваліць культуру самураяў, бо ведаю, што
многа зла яны нарабілі. Але сярод дасягненняў гэтае культуры – павага да
ворага. І яшчэ пранізвае сюжэты тут і там такая цудоўная катэгорыя, як
“спагада ваяра” (у рускім перакладе – “сострадание воина”).

 

Так, далёка не заўсёды паводзіны самураяў (і, так сказаць,
пост-самураяў) адпавядалі гэтай ідэі. Але яна існавала і рэалізавалася. Часам
вельмі фрагментарна, – калі падчас Другой Сусветнай храбра загінулых ворагаў з
пашанай хавалі, а з жывых палонных найпаганейшым чынам здзекваліся… Часам
лепей – падчас руска-японскай вайны пачатку ХХ стагоддзя да рускіх палонных
ставіліся добра, што адзначаў і свяціцель Мікалай Японскі (Касаткін), і
некаторыя замежныя назіральнікі…

 

Павага да ворага, да апанента, спагада да яго – вось што ў
нас у вострым дэфіцыце. Асабліва павага.

 

Дужа мы хочам верыць, што наш вораг/апанент – сволач,
нікчэмная, прадажная істота. Як быццам бы ўсведамленне, што ён насамрэч храбры
і адданы, нас прынізіць.

 

Ці мо занадта начыталіся мы хрысціянскага “Ўладара
Пярсцёнкаў” і думаем у катэгорыях “Гондор і Мордор”, а
хрысціянскага Дастаеўскага падзабылі, – а той жа няблага ўказаў на тэрыторыю,
па якой праходзіць мяжа паміж “Гондорам і Мордорам”: “Тут дьявол
с Богом борется, а поле битвы – сердца людей”.

 

Ёсць і іншы варыянт – не лічыць апанента за сволач, а болей
верыць, што ягоныя матывацыі – не аўтэнтычныя, а яму аднекуль навязаныя.
Напрыклад расійскай прапагандай ці госдэпам ЗША.

 

А як па мне, дык перакананая: там, дзе ў народзе няма
матывацыі, – нічога звонку не навяжаш… Наконт жа маральных якасцяў
праціўніка… Мне, як прыхільніцы Майдана і незалежнай Украіны, хацелася б
верыць, што прарасійскасць = сволачнасць і нізасць. Тым болей што мяне, як
праваслаўную беларуску дэмакратычных поглядаў, ужо ў каля-царкоўным асяроддзі
“прарасійскі” кірунак думкі – мяне во як дастаў!!! Хоць гэта не так
распаўсюджана ў Царкве, як здаецца, але ж – во дзе сядзіць!!..

 

Ды занадта добра я ведаю гэтую “прарасійскасць” і
“антызаходніцкую міфалогію”, і ведаю, што людзі, якія
“вызнаюць” гэтыя ідэялогіі – у сваім мностве веруючыя, добрыя і
мужныя людзі.

 

…Ну а наконт “прарасійскіх”, якія гатовыя не
залівацца інтэрнэт-брэхам, а нешта рабіць, і нават рызыкаваць сваімі жыццямі і
гінуць… Прыходзіцца ўсведаміць, што яны заслугоўваюць павагі. Ну, я не кажу
пра тых, хто здзекваўся з украінскіх актывістаў, – але астатніх можна паважаць
за гатоўнасць змагацца за сваю зямлю так, як яны гэта лічаць правільным.

 

Прамільганула ў сацыяльных сетках выказванне, што маўляў
кожны, хто ўзяў у рукі зброю, – злачынца. Гандзі і М.Л. Кінг па-ранейшаму для
мяне крыніца натхнення, але ж мне падаецца так: амаль кожны, хто гатовы ўзяць у
рукі зброю, каб абараняць бліжніх, сям’ю, ідэю – заслугоўвае павагі. Дый калі
чалавеку проста заплацілі – па-першае, усё адно каб узяць зброю трэба мець
пэўную храбрасць, а па-другое – калі ён і наняўся, то можа і верыць, што працуе
на дабро.

 

Так, хацелася б лічыць “прарасійскіх” дый
таямнічных прыезжых “баевікоў” за рабоў, “бяздушных
наймітаў” ці злыдняў. Хаця чым такая раскладка нас бы ўзбагаціла? Нічым. А
вось павага да ворага, спагада і малітва за ўсіх, хто пакутуе ці загінуў –
узбагаціць кожнага.

 

Прынамсі, павага і малітва, нейкія праявы чалавечай (не кажу
пра палітычную!) салідарнасці – ці не ёсць гэта часам адзіным спосабам
рэалізаваць любоў?..

 

А што зусім жахліва і недапушчальна, дык гэта зларадства. Ці
спачуванне загінулым ці параненым згодна з іх палітычнай арыентацыяй: адных
шкадуем, іншых – не… Ну харашо, халера, не ўстрымаліся ад зларадства,
нянавісці і іншых паганых пачуццяў… Але ж давайце ніколі не лічыць гэта за
норму!..

Болей навін