Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка не зможа падпарадкаваць беларускіх хрысціян

06 мая 2014 13:22  |  Галоўныя навіны

Нягледзячы на заявы пра падтрымку царквы, Лукашэнка
працягвае рэпрэсіі супраць яе. Так сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі
«Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі пракаментаваў
сайту charter97.org заяву Лукашэнкі пра тое, што «царква павінна актыўна
ўдзельнічаць у дзяржаўных справах».

 

«На працягу апошніх некалькіх гадоў рэжым Лукашэнкі
займаецца як раз прыгнётам і рэпрэсіямі супраць вернікаў. Праваслаўныя,
каталіцкія і пратэстанцкія святары і вернікі пераследуюцца за любую сацыяльную
актыўнасць, не кажучы пра палітычную. Таму практыка супярэчыць заявам Лукашэнкі,
пра тое, што паміж дзяржавай і царквой усё добра. Гэта значыць хрысціяне
дыскрымінуюцца, як арганізаваная і магутная частка, скажам, трэцяга сектара
Беларусі», – падкрэсліў ён.

 

Палітык дадаў, што колькасць і ўклад арганізацый пры цэрквах
усіх канфесій у грамадскае жыццё проста велізарны.

 

«У Расеі дзяржава спрабуе падпарадкаваць сабе царкву і
прымусіць выконваць загады ўлады. Але Беларуская Праваслаўная Царква ўсе гэтыя
гады, у тым ліку пры мітрапаліце Філарэце, спрабавала пазбягаць празмернага
палітычнага ўплыву. Я думаю, што і ў будучыні царква пазбегне ўцягвання ў
палітыку і падпарадкавання дзяржаўным структурам», – лічыць Віталь Рымашэўскі.

 

Нагадаем, падчас учорашняй сустрэчы з мітрапалітам Менскім і
Слуцкім патрыяршым экзархам усяе Беларусі Паўлам беларускі кіраўнік заявіў, што
хоча актыўнага удзелу царквы ў дзяржаўных справах.

Болей навін