Марыну Хоміч выклікаюць у міліцыю

07 мая 2014 09:30  |  Галоўныя навіны

Беларускія ўлады
напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі працягваюць ціск на лідарку Маладых
Хрысціянскіх Дэмакратаў Марыну Хоміч. Пасля візіту да яе сваякоў 5 траўня
старшыне аргкамітэту МХД патэлефанаваў аперупаўнаважаны, які запрасіў яе
прыйсці на апытанне.

 

Фармальная
прычына запрашэння ў тым, што тэлефон Марыны Хоміч у ліку 1,5 тыс. іншых
тэлефонаў быў заўважаны ў раёне абрабавання банкамату. Аднак, адзначае лідарка
МХД, незразумела тады, чаму міліцыянты прыходзілі менавіта да яе дадому, бо
ейны мабільны тэлефон зарэгістраваны на іншага чалавека і напачатку было б
лагічным распытваць яго.

 

Паводле Марыны
Хоміч, падобным жа чынам выклікаюць у міліцыю і актывіста АГП Дзмітрыя
Кавалгіна. “Я пайду ў міліцыю на наступным тыдні. Мне хавацца няма чаго.
Але я хацела б звярнуць увагу на тое, да чаго прыводзіць правядзенне чэмпіянату
свету па хакеі ў Беларусі. І адказаць за поўную зачыстку актывістаў нясуць не
толькі беларускія ўлады, але і тыя палітыкі, чыноўнікі, прадстаўнікі ІІХФ, якія
дазволілі правядзенне ЧС у сённяшніх умовах”, – падкрэсліла лідарка МХД.

 

Нагадаем, да
сваякоў лідара Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марыны Хоміч, якая пражывае ў
іх, 5 траўня а 7-й гадзіне раніцы прыходзіў следчы. Свой візіт
ён патлумачыў тым, што Марына Хоміч унесеная ў пэўныя спісы і ў сувязі з гэтым
яму неабходна ўдакладніць інфармацыю.

Болей навін